Прывітанні з Латвіі

Наша зямлячка, якая жыве ў Прыбалтыцы, перадала ў храм іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) вельмі каштоўны падарунак.
Днямі ў раённай газеце распавядалася пра кантакты Лунінца з латвійскім горадам-пабрацімам Лімбажы. Гэта выклікала асаблівую цікавасць. Як вядома, новая царква асвячана на часцінцы мошчаў свяшчэннапакутніка Іаана (Помера), архіепіскапа Рыжскага і Латвійскага. 80-годдзю яго прастаўлення прысвячалі вакальна-паэтычную праграму “Пакроўскі кімвал”, аб чым таксама пісалі “ЛН”.
У нядзелю пасля чарговай серыі “Падарожжа ў Літургію” настаяцель іерэй Сергій Крышталь усхвалявана паведаміў:
Уявіце маё душэўнае ўзрушэнне: глядзім фільм, створаны епіскапам Іаанам (Пурычам), а атрымліваем своеасаблівы працяг – два дыскі пра архіепіскапа Іаана (Помера)…
І не толькі. У падарунак храму перададзены таксама кніга аб ім з аўтографам аўтара, акафіст свяшчэннапакутніку, публікацыя аб прыходзе храма Успенія Багародзіцы горада Елгава. Настаяцель царквы ігумен Феафан (Пажадаеў) – былы марскі афіцэр, цяпер нясе пастырскае служэнне. Асновай выдання стала яго дысертацыя на званне кандыдата багаслоўя, прысвечаная свяшчэннапакутніку, які ўваходзіць у саборы беларускіх і латвійскіх святых.
Хочацца верыць, што сам Іаан (Помер) з нябёсаў благаслаўляе зямное супрацоўніцтва жыхароў дзвюх краін…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии