За дар Божы аддзячыць натхненнем…

25 студзеня ў інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) імянінніц чакаў цудоўны музычны падарунак.
У дзень святой Таццяны сваю творчасць прыхаджанам дарыў ансамбль “Арт-Нуэва” педагогаў Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў. Пачаўшы з вядомай “Авэ Марыя” Астара П’яцолы, яны выканалі шэраг твораў вялікага аргенцінскага кампазітара, які пры жыцці стаў класікам, – “Зіма ў Буэнас-Айрэсе”, “Віолен-танга”, “Малыш з Бачына” і іншыя. Усеагульнае захапленне выклікалі салісты калектыву – калега музыкантаў Віктар Круглік і госця з Гродна Алеся Медвядзюк. Многія прыхаджане, даведаўшыся пра 5-гадзінную (акрамя штотыднёвых) рэпетыцыю (3 – напярэдадні і 2 – у дзень 50-хвіліннага канцэрта), ці не ўпершыню задумаліся аб тым, колькі працы трэба прыкласці музыкантам, каб уразіць лёгкасцю прафесійнай дасканаласці. 60-гадовы мужчына не хаваў захаплення:
Калі па радыё перадаюць класічныя ці камерныя творы, звычайна выключаю прыёмнік. Цяпер сэрца замірала ад прыгажосці. І асэнсаваў, як шмат страціў, што раней не чуў сапраўднай музыкі, той, што называюць – жывая…
Вядучыя – бібліятэкар гімназіі Ірына Раманчук і 9-класнік Аляксандр Верас, настаўніца СШ №4 Святлана Карпінская – правялі сапраўдны музычны “ўсенавуч” для гледачоў. Тыя не шкадавалі апладысментаў і, у сваю чаргу, падрыхтавалі салодкія пачастункі для артыстаў.
Віншуючы імянінніц з днём анёла, настаяцель іерэй Сергій Крышталь уручыў іконкі прысутным Таццянам. У іх ліку былі настаўніца СШ №2 Т.П. Ларкіна і ветэран педагагічнай працы Т.І. Раковіч, выкладчыца ДШМ Т.А. Калешка, работнік аддзялення сувязі Т.М. Грыгор’ева, бухгалтар ААТ “Палессеэлектрамаш” Т.Р. Канапацкая, прадавец магазіна “Кветкі” Т.Ф. Грыгорьева і многія іншыя.
Асабліва пранікнёныя словы былі адрасаваны музыкантам. Айцец Сергій падарыў іконкі і ружы кіраўніку ансамбля Алене Коўшык (баян), Святлане Цяльпук (гітара), Людміле Корчык (фортэпіяна), Анжаліцы Шановіч (бас-гітара), Таццяне Чарнавокай (скрыпка). Дарэчы, імянінніца спявае ў нядзельным хоры педагогаў ДШМ, рэгент якога – яе калега-цёзка Таццяна Круглік. Свяшчэннік запрасіў маладых выканаўцаў далучацца да царкоўных спеваў, нагадаўшы думку многіх вялікіх артыстаў: Богам дадзены дар трэба і аддаваць Госпаду…
Гледачы выказалі шчырую ўдзячнасць ансамблю “Арт-Нуэва” за стварэнне святочнага душэўнага настрою, які працягнуўся ў храме духоўнасцю акафіста.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара. 

Комментарии