Свята Слова

Да Дня праваслаўнай кнігі ў СШ №2 г. Лунінца правялі конкурс юных чытальнікаў “Паэзія дабрыні”. 
Ініцыятарам урачыстасці стала настаўніца 3 “Г” класа Валянціна Уладзіміраўна Мігалевіч, а дапамагала арганізатару выкладчыца рускай мовы і літаратуры Ірына Аляксандраўна Молчан – настаўніца нядзельнай школы храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых”.
У вокны актавай залы ўсміхалася веснавое сонейка, а на сцэне звонкія дзіцячыя галаскі ўхвалялі прыгажосць Божага свету. Да мерапрыемства адказна падрыхтаваліся дваццаць пяць вучняў 3-4 класаў. Гэта было бачна не толькі па стараннасці і выразнасці дэкламавання вершаў, але і па прыгажосці ўбранняў дзяўчынак і хлопчыкаў. Інакш і нельга чытаць паэтычныя радкі! Уяўленне аб іх пранікнёнасці даюць нават назвы намінацый: “З любоўю да Радзімы”, “Што стварыў Гасподзь, мы ўслаўляем”, “Велічае душа мая Госпада”, “Бог ёсць любоў”, “Шануем праваслаўныя святы”. Падобна вершам, музычныя і мультымедыйныя паузы таксама імкнуліся захапіць дзяцей прагай дабрыні і шчырасці, якімі была насычана гадзінная праграма.
А спачатку было… благаславенне – поспехаў удзельнікам пажадаў настаяцель Свята-Параскевінскага храма в. Бастынь а. Іаан Пятрэнка. Бацюшка і ўзначаліў журы, у склад якога ўвайшлі настаўніца Тамара Адамаўна Кацуба, сужэнцы Мартынавы – дыякан а. Васілій і рэгент Таццяна з Лунінецкай Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы. Былі вызначаны пераможцы і прызёры, але прайграўшых у конкурсе не было. Захопленыя атмасферай свята душы, госці з задавальненнем узнагароджвалі ўсіх юных чытальнікаў, у сваю чаргу атрымаўшы ад іх цудоўныя самаробныя сувеніры. Прасякнуўшыся пачуццём творчасці вучняў і супрацоўніцтва педагогаў, жадалі ўсім працягу новых спраў, што могуць стаць традыцыямі юбілейнага, 70-га, навучальнага года школы.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии