Пакаленні злучае “Палеская зорка”

У гімназіі г. Лунінца адбыўся 4-ы літаратурна-музычны фестываль памяці Наталлі Іванаўны Мурко (29.02.1952-31.12.2011).

Па традыцыі сустрэча прымеркавана да дня святой Наталіі, што адзначаецца 8 верасня, і свята беларускага пісьменства. Як вядома, нацыянальныя творцы ўключылі імя нашай таленавітай зямлячкі ў Пантэон палескіх Мадон – да паэтак Яўгеніі Янішчыц і Ніны Мацяш…
Фестываль “Зорка Наталлі” адкрыў настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) іерэй Сергій Крышталь. Свяшчэннік нагадаў, што кожны талент – гэта дар Божы, але не заўсёды людзі ўмела распараджаюцца сваімі набыткамі. Наталля Мурко быццам увасабляла хрысціянскую ісціну, што ганарлівым Гасподзь супрацівіцца, а смірэнным – дае благадаць. Яна ўсё жыццё працавала над вакальнай дасканаласцю, а запаветам пакінула нам любоў, якой ахіналася яе творчасць. Сустрэчы, на якіх грамадскасць выказвае ўдзячнасць лёсу за тое, што Лунінец меў выканаўцу такога высокага ўзроўню, якраз і адлюстроўвае малітоўную “вечную памяць” спявачцы…
Самае галоўнае – перадаць гэта пачуццё моладзі. І гэта ўдалося вучням 10 “Б”, якія рыхтавалі праграму фестываля. На класнай гадзіне яны пазнаёміліся са старонкамі жыцця і творчасці Наталлі Мурко, а свае ўражанні змаглі перадаць гімназістам і вучням усіх школ горада, якія былі запрошаны на сустрэчу. Пранікнёнасці атмасферы спрыялі ўспаміны настаўніцы Наталлі Мікалаеўны Клімачовай, сярод вучаніц якой былі ўнучкі спявачкі. Вядомая далёка за межамі нашага горада выканаўца паўстала перад прысутнымі як выдатная гаспадыня, якая захапляла і кветкаводствам, і майстэрствам рукадзелля. Агульнае замілаванне ўдзельнікаў фестывалю выклікала самая малодшая ўнучка Н.І. Мурко – Злата, якая ўручыла ўдзельнікам партрэт сваёй праслаўленай бабулі і атрымала шматлікія пажаданні гасцей паходзіць на Наталлю Іванаўну не толькі знешне.
На мінулагодняй сустрэчы Ігар Іванавіч Пракаповіч прапанаваў прысвоіць імя Наталлі Мурко дзіцячай школе мастацтваў, дзе яна выкладала. Старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова паведаміла, што гэту прапанову падтрымлівае кіраўніцтва раённага аб’яднання прафсаюзаў. Сёлета прагучала і другая ініцыятыва вядомага прадпрымальніка: аб правядзенні конкурсу маладых спевакоў імя лунінецкай спявачкі, які ён гатовы падтрымаць матэрыяльна. Арганізацыйныя пытанні абяцала распрацаваць дырэктар ДШМ Вольга Аляксееўна Белавус.  

Комментарии