Гэта адзначалі ўдзельнікі ІІ паэтычна-вакальнай праграмы ў
інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне
пагіблых” (“Взыскание погибших”) г. Лунінца.

Па-іншаму і быць не
можа! Памяць свяціцеля Іаана (Помера), архіепіскапа Рыжскага, якому
прысвячаем сустрэчы, адзначаецца напярэдадні дня Пакрова Багародзіцы,
што ў Беларусі стаў Святам Маці. Спалучэнне гэтых тэм і выклікае пяшчоту
і шчырасць выступленняў, на якія благаславіў настаяцель храма іерэй
Сергій Крышталь.

Праграму адкрыў клірасны хор “Любімічы” (рэгент
Алена Кавалевіч) новага лунінецкага храма, які асвячаны на антыменсе з
часцінкай мошчаў вышэй указанага святога. Латвія стала нам яшчэ бліжэй,
калі аб наведванні горада Лімбажы – пабраціма Лунінца – паведаміла
дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Вольга Белавус, якая летам
узначальвала дэлегацыю выхаванцаў ДШМ у гэтую краіну ЕС.

Лунінчане
наведалі і праваслаўную Спаса-Прэабражэнскую царкву г. Лімбажы, якая
на 110 год старэйшая за новы лунінецкі храм... Як вядома, Вольга
Аляксееўна – рэгент нядзельнага хору Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы. Пад
яе кіраўніцтвам у праграме выступіў ансамбль духоўных спеваў “Логас”.
Цудоўныя песні і вершы адрасавалі гледачам маладыя душой наведвальнікі
аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту, згуртаваныя ў
ансамбль “Вытокі” (мастацкі кіраўнік Мікалай Іванавіч Вячорка).
Пранікнённа вялі праграму загадчыца Святлана Рыгораўна Філіновіч і
старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Іванаўна
Казанкова. Прыхаджанка храма Валянціна Георгіеўна Бут-Гусаім выпекла
смачны пірог, якім пачаставала самадзейных артыстаў. Слёзы на вачах
прысутных выклікала выступленне выхаванкі нядзельнай школы храма Анечкі
Якубовіч, якая прачытала павучальную паэтычную пропаведзь аб любві мамы і
запозненым раскаянні няўдзячнага сына... Завяршыў сустрэчу акафіст у
храме, дзе прыхаджане ўкленчана маліліся Багародзіцы, на літасць якой
спадзяемся ў любым узросце, і выказвалі ўдзячнасць сваім мамам, вечна
жывучым у душы.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.
Комментарии
Отправить комментарий