“Прыгажосць Божага свету”


Такую назву мае штогадовы творчы конкурс.

Сёлета на яго прадстаўлены 50 работ вучняў агульнаадукацыйных школ, выхаванцаў мастацкага аддзялення Лунінецкай ДШМ і нядзельнай школы храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”). Вынікі падвяло журы, у склад якога ўваходзілі галоўны спецыяліст райсавета Ірына Іванаўна Жук (старшыня), кіраўнік раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова, намеснік дырэктара політэхнічнага каледжа Таццяна Трафімаўна Мілюк. Арганізатар конкурсу, памочнік благачыннага Лунінецкай акругі па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі іерэй Сергій Крышталь выказаў удзячнасць усім настаўнікам, якія зацікавіліся паведамленнем аб конкурсе і прапанавалі вучням адлюстраваць мастацкімі сродкамі свой погляд на свет.

Усе 9 школ, што прапанавалі работы, адзначаны Падзячным лістом, як і кожны ўдзельнік – заахвочальным прызам. Гэта шэсць вучняў Ракітненскай яслі-сад БШ, пяць – Язвінскай СШ, адна – Дварэцкай яслі-сад СШ. Толькі адзін малюнак прадставіла і СШ №2 г. Лунінца, але 9-гадовы Саша Краўчук прыцягнуў увагу да работы нават філасофскай назвай: “Сонца і святло – гэта самае прыгожае”. 12-гадовыя Аляксандра Ярмольчык і Трафім Калянковіч прадстаўлялі нядзельную школу нашага храма і таксама сталі прызёрамі, як і вучні наступных устаноў адукацыі: Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І. Нядзведскага – 8-гадовы Уладзімір Фіцнер (“Свет духоўны і зямны”), заахвочаны яшчэ трое юных мастачак; Рэдзігераўскай СШ – 11-гадовая Марыя Шэўчык (“Маці Зямлі Беларускай”); Краснавольскай яслі-сад СШ – 13-гадовы Арцём Сыцэвіч (“Ноеў каўчэг”);
Ганаровай граматай адзначана Лунінская СШ, усе ўдзельнікі конкурсу з якой дасягнулі поспеху ў сваіх узроставых групах: 9-гадовыя Максім Абравец (“Вясковая вуліца”) і Раман Сацкевіч (“Закат над возерам”), 12-гадовая Вікторыя Калянковіч (“Восень”), 13-гадовая Дзіяна Ільючык (“Храм з залатымі купаламі”) – пераможца ў намінацыі, а таксама сярод сімпатый гледачоў. За падрыхтоўку здольных мастакоў удзячны настаўніцы Ніне Якаўлеўне Багданец.

У асобную намінацыю вылучаны работы ў іншых тэхніках. Аплікацыю вырабілі: выхаванка нядзельнай школы – 8-гадовая Іаана Крышталь (“На лугу”, а таксама малюнак “Лебедзь”) і мастацкага аддзялення ДШМ – 14-гадовая Каміла Абравец (“Раданіца”), якая парадавала і малюнкамі (“Малітва”, “Не пакінь у адіноцтве”). Пяць пано, выцінанку і адзін малюнак прадставілі вучні Бродніцкай БШ.
У асобнай намінацыі разглядаліся работы юных здольных творцаў, якія займаюцца ў Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў. Заахвочавальным прызам ці падарункам за прызавое месца ўзнагароджаны: у малодшай групе (10-12 год) – Варвара Сыціна (“Бабачка”, “Мінскае мора”), Насця Кузьміч (“Мароз і сонца – дзень цудоўны!”), Таісія Чарнавокая (“Сонечны купал”), Віталь Кацуба (“Родныя мясціны”), Вікторыя Івашкевіч (“Бабулін дыванок”, “Ласунак”, “Лясны доктар”); у сярэдняй групе (13-15 год) – Наталля Камандзіс (“Каля манастыра”), Кацярына Ярмашук (“Храм іконы Мінскай Божай Маці”), Юлія Яскевіч (Свята-Уладзімірская капліца”), Дар’я Козел (“Любімыя мясціны”). Пераможцай прызнана 15-гадовая Яна Антановіч за працу “Троіца-Сергіева лаўра”.
Юныя мастакі ўзнагароджаны кнігамі з духоўнай бібліятэкі храма.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии