Калядны пост – час дабрыні


У храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) віталі людзей, якія патрабуюць асаблівай увагі грамадства.
Настаяцель Сергій Крышталь нагадаў, што пост даецца хрысціянам для здзяйснення спраў падтрымкі і міласэрнасці. Вакол нас ёсць людзі з псіхафізічнымі асаблівасцямі, па адносінах да якіх вызначаюцца нашы ўласныя дабрадзецелі. Свяшчэнніка падтрымала мама аднаго з наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, якія разам з прыхаджанамі маліліся на богаслужэнні ў храме. Марыя Гнедзька сказала, што доўгі час пакутавала ад думкі, чаму менавіта ў яе нарадзіўся калека. У гутарках з духоўнымі пастырамі ўсвядоміла, што сын дадзены для таго, каб яна сама стала больш шчырай і чулай. Марыя Аляксандраўна выказала шчырую ўдзячнасць спецыялістам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – яны паказваюць нямоглым юнакам і дзяўчынам свет за сценамі кватэры, што абмяжоўвалі іх на працягу дзесяцігоддзяў. Як прыемны сюрпрыз гасцям храма былі ўручаны сціплыя падарункі. Пачастункі атрымалі таксама ўдзельнікі ансамбля “Палеская крыніца” раённага аддзялення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Акцыя міласэрнасці стала кульмінацыяй літургіі ў свята Увядзення ў храм Багародзіцы, заклікаючы кожнага спяшацца рабіць дабро…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии