Уладыка, прыміце нашы віншаванні!


Упершыню лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” стаў ураджэнец Лунінца. 
За тэлеверсіяй цырымоніі ўзнагароджання ў Палацы Рэспублікі ў Мінску сёлета асабліва ўважліва сачылі лунінчане. Аказалася, што некалькі чалавек, якія прымалі дыпломы і кветкі з рук кіраўніка краіны, маюць дачыненне да нашага горада. Першымі на сцэну запрасілі журналістку Алену Харашэвіч і доктара гістарычных навук, прафесара Акадэміі МУС А.В. Шаркова, якія былі адзначаны за кнігу “Жыць і памятаць” аб пахаванняў нашых землякоў у краінах Еўропы. Аб сваіх пошуках Анатоль Васільевіч расказваў удзельнікам раённага семінара, што у красавіку 2015-га ў гімназіі г. Лунінца быў арганізаваны краязнаўчым музеем. Калі ж узнагароду ўручалі дырэктару Дзяржаўнага мастацкага музея Уладзіміру Пракапцову, настаўнікі мастацкага аддзялення Лунінецкай ДШМ з удзячнасцю прыгадвалі, як вядомы дзеяч культуры ацэньваў творчы ўзровень іх юных выхаванцаў на выставе ў Мінску.
Зала Палаца Рэспублікі авацыямі сустрэла лаўрэата ў аблачэнні свяшчэннаслужыцеля. Веніяміна, епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага, у нашым горадзе многія ведалі як Віталія Тупеку.
Шчырай павагай лунінчан карыстаецца яго бацька – ветэран праваахоўных органаў, якому 13 студзеня споўнілася 82 гады. У яго юбілей Уладыка Веніямін наведваў родных у Лунінцы і ўшанаваў сваёй прысутнасцю вернікаў – служыў вячэрню 13 студзеня ў храме ў гонар іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” і Боскую Літургію 14 студзеня ў Свята-Крыжаўзвіжанскім храме. Родныя разумеюць занятасць Уладыкі Веніяміна, таму сёлета не чакалі дарагога госця. Але ўзнагарода сыну напярэдадні дня нараджэння бацькі – выдатны падарунак Івану Аляксандравічу!
Такія ж шчаслівыя за свайго былога вучня настаўнікі СШ №1 г. Лунінца. Яна вядзе адлік гісторыі з пачатковага народнага вучылішча, адкрытага ў тагачасным сяле Лулінец у 1850 годзе. У юбілейны год асаблівым гонарам для школы з’яўляецца яе выпускнік-1985!
У храмах нашага горада служаць свяшчэннікі, якія ў час вучобы ў Мінскіх Духоўных Семінарыі і Акадэміі былі выхаванцамі выкладчыка маральнага багаслоўя. Яны дагэтуль лічаць Уладыку Веніяміна духоўным настаўнікам. Вялікая малітоўная радасць свяшчэннаслужыцеляў ад таго, што царкоўныя заслугі па вартасці ацэньваюцца дзяржавай.   

Комментарии