Смешнае і сумнае - побач

У нядзелю, бліжэйшую да дня памяці прападобнага Антонія Вялікага, у інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) праводзяцца Свята-Антоніеўскія чытанні.
Сёлета сустрэча адбылася ў трэці раз. Яна супала з Днём беларускай навукі, таму спачатку прыхаджане павіншавалі настаяцеля – іерэй Сергій Крышталь мае вучоную ступень доктара багаслоўя ІІ ступені. Смачны торт прыгатавала лепшая кулінарка прыхода Валянціна Аляксееўна Бут-Гусаім. Сімвалічным агульным падарункам стала паведамленне аб поспеху панамара Кірыла Савіча – вучань 10-га класа СШ №2 г. Лунінца заняў другое месца ў абласным конкурсе даследаванняў “З навукай – у будучыню”. Юнак сабраў звесткі аб Дзяцелавіцкім Нова-Пячэрскім Спаса-Прэабражэнскім мужчынскім праваслаўным манастыры, 390-годдзе заснавання якога святкавалі летась.
Па традыцыі Свята-Антоніеўскія чытанні адкрываюць цыкл “Да 14 сакавіка – 14 добрых спраў”, прысвечаны Дню праваслаўнай кнігі. Відэасюжэт, які прадэманстраваў аператар Васіль Іосіфавіч Бажко, нагадаў вядомую прытчу аб важнасці паслушання, што вышэй за пост і малітву. Актыўны ўдзел у сустрэчы прынялі аўтарытэтныя ветэраны педагагічнай працы. Аб святым Антоніі, які жыў у ІІІ-IV ст. і лічыцца заснавальнікам манашаства, расказала Аляксандра Георгіеўна Кулага. Мастацкае выступленне падрыхтавала Наталля Іванаўна Казанкова. Яна выступіла з чытаннем баек і казак здольнай творцы Настассі Іванаўны Якавец з Лобчы, талент якой вядомы далёка за межамі раёна.
У адпаведнасці з падназвай чытанняў – “Свяшчэннікі жартуюць” – айцец Сергій падзяліўся вясёлымі выпадкамі з семінарскага жыцця, іншыя ўдзельнікі прыводзілі прыклады з кніг вядомых духоўных літаратараў – протаіерэя Міхаіла Шпалянскага і протаіерэя Уладзіміра Башкірава.
Да гонару лунінчан розных узростаў, большасць сапраўды анекдатычных сітуацый, якія гучалі на сустрэчы, датычылі не столькі прадстаўнікоў духавенства, колькі прыхаджан, якія вельмі своеасабліва інтэрпрэтуюць пропаведзі. У прыватнасці, чытанні завяршыліся расказам аб такім рэальным выпадку. Свяшчэннік гаварыў вернікам аб ахвярнасці хрысціянскай любві: Бог хутчэй адгукаецца на малітву, калі чалавек просіць не за сябе, а за бліжняга. Адна з юных прыхаджанак тут жа ўзяла яго словы на “ўззбраенне”. Стоячы каля іконы Збавіцеля, яна горача малілася: “Госпадзі, мне ад Цябе нічога не трэба – пашлі маёй маці добрага зяця!”…
З усмешкамі і ў бадзёрым настроі, якога не сапсаваў ліўневы дождж і моцны вецер, удзельнікі чытанняў завяршылі сустрэчу ў храме акафістам святому.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии