“Давайце наведаем царкву…”

Гэту ініцыятыву вылучылі навучэнцы сельгаскаледжа.

Выхавальнік Вольга Кузьмінічна Кругавец была прыемна здзіўлена – такую прапанову з вуснаў падапечных пачула ўпершыню. Зразумела, да любой справы неабходна падрыхтоўка, тым больш – да багаслужэння. Папрасілі іерэя Сергія Крышталя сустрэцца з юнакамі і дзяўчатамі. Днямі адбылася гутарка ў інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”). Свяшчэннік расказаў юным гасцям аб дзесяці запаведзях, адказаў на пытанні. Навучэнцаў цікавіла паняцце малітвы, яе ўздзеянне на чалавека. Самы вялікі інтарэс выклікалі разважанні аб шчасці. Ні моладзь, ні дарослыя не маглі дакладна вызначыць яго сутнасць. Бацюшка быццам свядома падвёў удзельнікаў сустрэчы да хрысціянскіх паняццяў. Шчасце – гэта падзея часовая, асабістая, што адбываецца цяпер і тут. У Бібліі вельмі рэдка ўжываецца гэта слова. А вось радасць – паняцце больш шырокае, яе можна перажываць на працягу часу, дзяліцца з навакольнымі, таму Свяшчэннае Пісанне дзясяткамі разоў абазначае гэты стан.
Адна з арганізатараў сустрэчы, бібліятэкар Ніна Мікалаеўна Дамашэвіч, мэтанакіравана вядзе работу па духоўным выхаванні навучэнцаў. Яна спадзяецца, што такія гутаркі будуць рэгулярнымі, каб прыцягнуць юнакоў і дзяўчат да кнігі, чытання, асэнсавання каштоўнасці і непаўторнасці кожнага імгнення жыцця.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. 

Комментарии