“Едиными усты и единым сердцем”

маліліся духавенства і вернікі 18 лютага ў храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”).
Прастольнае свята новай лунінецкай царквы, якое сёлета адзначалася ў 10-ы раз, сваёй прысутнасцю ўшанаваў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. Уладыку саслужылі настаяцелі прыходаў: протаіерэй а. Валерый Скрабец (храм Нараджэння Багародзіцы в. Лахва), іерэі – а. Сергій Чыж (Спаса-Прэабражэнскі храм в. Язвінкі), а. Алексій Ільючык (храм Новамучанікаў і Спаведнікаў Беларускіх в. Красная Воля), а. Іаан Пашкевіч (храм вялікамучаніка Георгія Пераможаносцы в. Вялікія Круговічы Ганцавіцкага благачынія), а. Аляксандр Сыцэвіч (храм, які будуецца ў Пінску ў гонар святых Пятра і Феўроніі), дыяканы, якія суправаджалі архіерэя, і а. Васілій Мартынаў са Свята-Крыжаўзвіжанскага храма.
З 10-годдзем прыхода настаяцеля а. Сергія Крышталя павіталі дырэктар гімназіі Аляксандр Аляксандравіч Грушэўскі з вучнямі і настаўнікамі, галоўны інжынер ПУВП “Вікторыя” Юрый Мікалаевіч Плаксін, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова. Шчырыя словы ўдзячнасці Ўладыку Сцяфану і свяшчэннаслужыцелям выказалі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Таццяна Дзмітрыеўна Ўдавенка, прадстаўнікі ўстаноў, што духоўна акармляе новы храм, – намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Вольга Рыгораўна Чынікайла і бібліятэкар сельгаскаледжа Ніна Мікалаеўна Дамашэвіч.
Пад скляпеннямі храма гучалі моцныя галасы духавенства. Літургію мілагучна суправаджаў клірасны хор – ансамбль “Мірніца” ў складзе выкладчыкаў Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў (рэгент Таццяна Віктараўна Круглік). Бацюшка а. Сергій уручыў духоўныя кнігі панамару – 10-класніку СШ №2 г. Лунінца Кірылу Савічу і яго настаўніцы Наталлі Аляксееўне Ерамяевіч, праца якіх заняла 2-ое месца ў абласным конкурсе “З навукай – у будучыню”. Яны прысвяцілі даследаванне святыні нашага края – Дзятлавіцкаму Нова-Пячэрскаму Спаса-Прэабражэнскаму мужчынскаму праваслаўнаму манастыру.
Гэты поспех можна назваць сапраўдным падарункам прастольнаму святу і пажадаць кожнаму прыхаджаніну дасягнення плёну ў справе, якой займаецца.
Таццяна Канапацкая. Фота Сяргея Ільіна.

Комментарии