“З гонарам вымаўляю: я - дзетдомаўка...”

Незвычайнай заявай прыцягнула ўвагу жыхарка Мікашэвіч Алена КУДАЧ.
Бацькі цяперашняй гараджанкі – сяляне з вёскі Запроссе. Захопленыя заклікам аб асваенні цалінных зямель, у сярэдзіне 1950-ых сарваліся з абжытых мясцін і выехалі ў Казахстан. Аднак сям’і, у якой ужо было восем дзяцей, не пашчасціла стаць у шэрагі аптымістычных “навасёлаў”. Праз год вырашылі вяртацца на малую радзіму. “Доўгі шлях дадому” вымушаны былі цярпець у таварняках. Адзіная радасць і набытак гэтай вандроўкі – дзявятае дзіця, дачка Алена, месцам нараджэння якой стала сяло Чармашнянка Чырвонаармейскага раёна Какчатаўскай вобласці.
Такі доўгі запіс у маім пашпарце! – усміхаецца Алена Адамаўна. – Ёсць яшчэ адна асаблівасць. Я паявілася на свет 8 сакавіка. Бацька сказаў: у гэты дзень – усеагульнае свята, а нам трэба – наша асабістае, сямейнае. Так мой дзень нараджэння запісалі 13 сакавіка.
Дачка з вялікай любоўю гаворыць аб бацьку. На жаль, страціла яго, калі споўнілася толькі тры гады. А праз некаторы час цяжка захварэла маці. Тым часам старэйшыя браты і сёстры асталяваліся ў розных месцах, у кожнага былі свае сем’і і дзеці. Прадалі вясковую хаціну і набылі старую будыніну ў Мікашэвічах. Запрасілі без аплаты кватарантаў, якія згадзіліся даглядаць паралізаваную жанчыну. Дзяўчынку ж вызначылі ў дзіцячы дом.

І пачаліся мае першыя вандроўкі! – без ценю шкадавання адзначае суразмоўніца. – Год пабыла ў Мікашэвічах – і нашу ўстанову рэарганізавалі. Мяне перавялі ў Столін. Але праз год і гэты дзетдом расфарміравалі. Так я апынулася ў інтэрнаце ў Лунінцы.
Час школьнага дзяцінства Алена Адамаўна называе перыядам суцэльнага шчасця. Яна памятае дакладныя імя і прозвішчы шматлікіх настаўнікаў, аб якіх прыгадвае з вялікім пачуццём павагі, для кожнага знаходзіць самыя шчырыя словы ўдзячнасці. І велікадушна шкадуе цяперашніх вучняў, якім, на думку былой дзетдомаўкі, “і не снілася сапраўдная любоў настаўнікаў”.
Уявіце, – з пяшчотаю гаворыць Алена Адамаўна, – па вечарах нашы дзяжурныя педагогі наведвалі спальні выхаванцаў. Калі хто не засынаў, прысаджваліся на яго ложак і спявалі калыханку. І толькі ўпэўніўшыся, што ў палаце ўсё спакойна, шчоўкалі выключацелем…
Колькі разоў яна праз адтулінкі заплюшчаных вачэй бачыла, як потым у спальню заходзіў дырэктар, папраўляў коўдру, калі ў каго спаўзла з ложка, і ціхенька зачыняў за сабою дзверы…
Хіба маю права забыць пра такі клопат?! – для Алены Адамаўны гэта рытарычнае пытанне. – Штогод наведваю магілу Міхаіла Навумавіча Капыткоўскага, якога пахавалі ў Мікашэвічах. Цяпер і ўнучка падзяляе мае турботы. Калі, заняўшыся гаспадаркай, адцягваю наведванне могілак, яна настойвае: бабуля, трэба помнік пачысціць…
Для выхаванкі школы-інтэрната памяць наогул аказалася вельмі дзейснай. Назаўжды запомніла, як піянерважатая Надзея Сямёнаўна Кацуба вучыла дзяцей ствараць выцінанкі (якія, дарэчы, у ХХІ стагоддзі перажываюць бум папулярнасці!). І потым ужо сваім дзецям, а цяпер і ўнукам, Алена Адамаўна дапамагала афармляць класныя пакоі да навагодніх святаў.
І ўсё ж сучасныя дзеці не адчуваюць сапраўднага свята, – лічыць маці і бабуля, – нічым іх не здзівіць. Мы самі выбіралі дрэвы ў лесе, самі стваравалі ўпрыгожанні для ёлкі, таму і ўспрымалі гэты цуд як найвялікшую прыгажосць у свеце!
Са зразумелай настальгіяй Алена Адамаўна расказвае, якія сюрпрызы рыхтавалі дзяўчынкі і хлопчыкі да гендэрных, як кажуць сёння, святаў. Падарункі былі самыя танныя – паштоўка ці кніжачка, просценькі самаробны сувенірчык. Але колькі радасці прыносілі праявы ўвагі! Напярэдадні 23 лютага, запаўнач, дачакаўшыся, калі дзяжурны настаўнік зачыніць дзверы свайго кабінета, а нянечка за сталом у вестыбюлі, задрамаўшы (ці падыгрываючы падапечным), пакладзе галаву на стол, дзяўчынкі басанож, на пальчыках, па цаментнай падлоце перабягалі ў “мужчынскае” крыло інтэрнацкага корпуса. Ціхенька клалі на тумбачкі свае падарункі і беглі назад. Здагадваліся, што хлопчыкі не спяць, але тыя не выдавалі сябе. Таксама, як напярэдадні 8-га сакавіка, дзяўчынкі, падаткнуўшыся прастынкамі, каб і ручкі не было бачна, затаіўшы дыханне, чакалі таямнічых начных візіцёраў. Не раскрывалі сябе, пакуль, па іх падліках, хлопцы, выканаўшы “стратэгічную задачу”, здзейсняць зваротны небяспечны шлях з “жаночага” крыла корпуса. І толькі потым кідаліся да падарункаў, каб сваёй радасцю падзяліцца з сяброўкамі…
Закончыўшы школу-інтэрнат, захопленая рускай мовай і літаратурай выпускніца паступіла ў педагагічны інстытут. Але, хаця і прыслалі выклік, стаць студэнткай не давялося. Людзі, якія даглядалі маму, атрымалі кватэру. 18-гадовай Алене давялося выконваць абавязак дачкі.
Яна працавала станочніцай у леспрамгасе. У свой час стварыла сям’ю, нарадзіла двух дзяцей, мае двух унукаў. На завяршэнне размовы ўсё ж гаворыць, што лепшага перыяду ў жыцці, чым школа-інтэрнат, не было.
І тут упершыню не згаджаюся з Аленай Адамаўнай. Нагадваю пра дачку, якая рэалізавала мару мамы – набыла вышэйшую педагагічную адукацыю, працуе ў мікашэвіцкім дзіцячым садку “Светлячок”. Пра сына – майстра на ўсе рукі. Пра ўнучку Настачку, якая ўсёй душой падтрымлівае бабуліны справы. Пра настаўнікаў СШ №1, якія часта запрашаюць бабулю (ну, зусім не адпавядае гэтаму вызначэнню аптымістычная, жыццярадасная, малажавая 57-гадовая жанчына!) у школу на класныя гадзіны. Не столькі, як аматара літаратурнай творчасці (хаця і вельмі любіць складаць рыфмаваныя радкі). Алена Адамаўна ведае на памяць і вельмі любіць чытаць вершы савецкіх паэтаў, асабліва – ваеннай тэматыкі. І імкнецца перадаць дзецям, якія выраслі пад блакітным небам і ласкавым сонцам, непрыняцце вайны – боль ад страты родных, захапленне гераізмам абаронцаў Айчыны, імкненне да адстойвання мірнага ладу жыцця.
Такую грамадзянскую пазіцыю заклаў у мяне інтэрнат, – Алена Адамаўна зноў вяртае размову ў ранейшае рэчышча. – Дарэчы, я ж не расказала вам пра наша любімае месца! Захопленыя навакольным Сасновым борам, звычайна збіраліся на горцы – былым польскім стрэльбішчы. І менавіта ля падножжа горкі мы, выпускнікі-1976, закапалі бутэльку ад шампанскага з пажаданнямі будучым пакаленням! Вось бы цяпер дастаць і прачытаць гэтыя прывітанні з мінулага…
Несумнена, гэта няўрымслівая жанчына прыдумае яшчэ шмат цікавага, каб юбілейны вечар сустрэчы выпускнікоў адбыўся такім жа незабыўным і пранікнёным, як і школьнае жыццё. Пакуль жа, выдаткоўваючы ўласныя грошы са сціплага сямейнага бюджэту, тэлефануе ці піша электронныя лісты па ўсім свеце, куды разляцеліся яе аднакласнікі, збіраючы іх на лютаўскую сустрэчу, каб аднавіць пачуццё дружнай інтэрнацкай сям’і…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии