Памяць сэрца

паклікала вучняў і педагогаў СШ №4 у храм іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”).


Спачатку дзеці і дарослыя спыніліся каля Кургана Бессмяротнасці, насыпанага на месцы расстрэла ў гады акупацыі амаль пяці тысяч ваеннаслужачых і мірных жыхароў. Аб ахвярах фашызму паведаміла старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Н.І. Казанкова. Наталля Іванаўна, якая 30 год таму адкрывала першую экспазіцыю раённага краязнаўчага музея, шмат ведае аб мінулым нашага горада. Старажылка паказала экскурсантам месца, дзе раней знаходзіліся пахаванні салдат Першай сусветнай вайны (цяпер перанесены ў брацкую магілу). Школьнікам стала зразумелым, што па старажытнаму звычаю менавіта паміж вайсковымі могілкамі ўзведзены новы лунінецкі храм.
У інфармацыйна-асветным цэнтры гасцей сустракаў настаяцель. Іерэй Сергій Крышталь працягнуў размову аб гістарычнай памяці як аснове маральна-патрыятычнага выхавання грамадзян нашай краіны, адказаў на шматлікія пытанні вучняў і настаўнікаў. Затым своеасаблівае паломніцтва працягнулася ў царкве. Бацюшка расказаў аб уладкаванні храма, пазнаёміў з іконамі самых шануемых святых.
Класныя кіраўнікі ад імя сваіх выхаванцаў падзякавалі свяшчэнніку і выказалі спадзяванне, што такія духоўна-асветныя сутрэчы стануць традыцыйнымі.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Наталлі КАЗАКОВАЙ.

Комментарии