“Скарб - у кнізе, кніга - скарб”


Такім быў лейтматыў духоўна-асветнай праграмы, прысвечанай Дню праваслаўнай кнігі, у актавай зале цэнтральнай бібліятэкі.
Сустрэча адбылася напярэдадні 14 сакавіка, калі адзначаецца свята, што не так даўно ўведзена ў царкоўны каляндар, і сабрала чытачоў розных узростаў. Урачыстасці праграме надало выступленне ансамбля духоўных спеваў “Логас” Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам рэгента Вольгі Аляксееўны Белавус.
Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦБ Валянціна Васільеўна Рагалінская павітала ганаровых гасцей. У іх ліку былі настаяцелі прыходаў: протаіерэй Васілій Кушнер (Спаса-Прэабражэнскі храм в. Дзятлавічы), іерэі – а. Анатолій Рэуцкі (Свята-Барыса-Глебскі храм в. Лунін), а. Іаан Пятрэнка (Свята-Параскевінскі храм в. Бастынь), а. Уладзімір Тарчыла (Свята-Пакроўскі храм в. Вялікія Чучавічы), а. Сергій Чыж (Спаса-Прэабражэнскі храм в. Язвінкі), а. Сергій Крышталь (храм іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” г. Лунінца). Яны падзяліліся ўспамінамі аб тым, як кніга ўвайшла ў іх жыццё. Свяшчэннікі, адзначаючы вялікае значэнне духоўнай літаратуры для маральнага ўдасканалення хрысціяніна, справядліва выказвалі занепакоенасць тым, што з развіццём інфармацыйных тэхналогій падрастаючае пакаленне памылкова аддае перавагу гаджэтам перад кнігай. У гэтым становішчы павялічваецца роля сям’і і бацькоў у прыцягненні дзяцей да чытання з самага ранняга ўзросту.Загадчык аддзела маркетынгу Таццяна Паўлаўна Карпуковіч падзялілася сваімі ўражаннямі ад сустрэчы:
–Бібліятэкары і духавенства адзіныя ў думцы, што кніга вызначае духоўнае нараджэнне і станаўленне асобы, ажыўляе гістарычную памяць у кожным чалавеку. Зварот да духоўнай літаратуры – гэта магчымасць пераасэнсаваць ідэалы, на якія збяднела сучаснае грамадства, і набыць іх у тысячагадовым вопыце праваслаўнай царквы, знайсці адказы на многія злабадзённыя пытанні…
Прысутныя перакананы, што, пры адпаведным выхаванні, узрасце запатрабаванасць людзей у чыстай крыніцы слова. Бібліятэка зможа задаволіць попыт жадаючых. Аб гэтым сведчылі і выстава “Узвышаючы душу, мацуючы дух”, і агляд новых паступленняў, з якім пазнаёміла галоўны бібліёграф Інна Васільеўна Бушыла.
У Год культуры, што сёлета абвешчаны ў Беларусі, сустрэча вызначалася шэрагам святочных момантаў. Чытачы азнаёміліся з выставай старажытных ікон “Выратаваныя каштоўнасці” з фондаў раённага краязнаўчага музея, а таксама захапіліся творамі юных мастакоў – удзельнікаў штогадовага конкурсу “Прыгажосць Божага Свету”. Пасля афіцыйнай часткі многія лунінчане скарысталіся магчымасцю яшчэ раз наведаць залу “Астравок духоўнасці”, дзе бібліятэка пастаянна размяшчае навінкі праваслаўнай літаратуры.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Таццяны КАРПУКОВІЧ.

Комментарии