Канцэрт
двух інструментальных ансамбляў –
“Сальтарэла” (Пінск) і “Менестрэль”
(Лунінец) – адбыўся ў глядзельнай зале
кінатэатра “Кастрычнік”.
Вядучая
– загадчыца струнна-народнага аддзялення
дзіцячай школы мастацтваў Святлана
Дубовік нагадала, што творчая сустрэча
прысвечана гістарычным датам. 95 год
таму ў Лунінцы быў арганізаваны струнны
аркестр, вельмі папулярны ў даваенны
час. Многія музыканты і потым удзельнічалі
ў творчых калектывах. Матэрыялы аб
захопленых мастацтвам лунінчанах шырока
прадстаўлены ў раённым краязнаўчым
музеі. Аднойчы фотаздымкі ўбачыла
настаўніца ДШМ Інна Іванаўна Караваевіч.
Яна і аднавіла ансамбль у 1996 годзе.
–Сёлета
на метадычнае аб’яднанне, якім кірую,
запрасілі настаўніка Пінскай дзіцячай
школы мастацтваў, – расказала
Святлана Адамаўна. – Юрый Андрэевіч
Дубнавіцкі вядомы далёка за межамі
Беларусі стварэннем струнных інструментаў,
якія былі ў вялікім дэфіцыце ў 1990-ыя. У
больш спрыяльны час захапіўся вырабам
лютняў. Шэраг іх відаў прадстаўлены ў
ансамбле старажытнай музыкі “Сальтарэла”.
Узнікла ідэя сумеснага канцэрта.
З
гэтым калектывам у пачатку сакавіка
лунінчане выступілі на адной сцэне ў
Пінску. Канцэрт здымала мясцовая
тэлестудыя “Вараг”. Дэманстрацыя яго
адбылася праз тыдзень, калі ўжо пінчане
прыехалі ў Лунінец.
Цікава
было пазнаёміцца з незвычайнымі
інструментамі, на якіх музыку сярэднявечча
ігралі сем дзяўчынак і юнак у шыкоўных
касцюмах таго часу. Прыгожы меладычны
рэпертуар падрыхтаваў і “Менестрэль”.
Творчыя сувязі з меламанамі Шэнэфельда
(Германія) – горада-пабраціма Лунінца
– садзейнічалі абнаўленню і разнастайнасці
інструментаў у ансамблі. Домры і
мандаліны, якія ўвасабляюць барочныя
мелодыі, былі ўзмоцнены ансамблем
сучаснай музыкі (кіраўнік Наталля
Аляксандраўна Грабяжова), дзе прадстаўлены
скрыпкі, віяланчэль, клавесін.
Адзначым
годную переемнасць творцаў. Калі
стваральнік “Менестрэля” выехала з
Лунінца, калектыў узначаліла дамрыстка
Ірына Іванаўна Рамановіч. Цяпер яна
знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, але
на канцэрце выступіла з сольным нумарам.
Абавязкі мастацкага кіраўніка паспяхова
выконвае яе калега Святлана Сяргееўна
Цяльпук. З кампазітарамі і творамі, што
выконваліся, знаёміў выкладчык па класе
балалайкі Мікалай Мікалаевіч Кавалевіч.
Яго выступленне ў дуэце і сола выклікала
бурныя апладысменты гледачоў! Юныя і
дарослыя лунінчане дзякавалі выканаўцам
за цудоўную праграму, што ўшанавала
памяць музыкантаў мінулых часоў і
прадэманстравала захопленых мастацтвам
сучаснікаў.
У
2004-ым калектыў атрымаў ганаровае званне
“ўзорны”. Па складу інструментаў гэты
калектыў – адзіны на Брэстчыне, мае
шэраг узнагарод фестываляў і конкурсаў.
Днямі перад адказнай камісіяй абласнога
ўпраўлення культуры “Менестрэль” у
чарговы раз пацвердзіў высокі ўзровень
выканальніцкага майстэрства. Хочацца
падкрэсліць, што ў ансамблі ўдзельнічаюць
выкладчыкі – спевакі нядзельных хораў
двух лунінецкіх храмаў.
Таццяна
КАНАПАЦКАЯ. Фота Алены КОЎШЫК.
Комментарии
Отправить комментарий