Супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі дзвюх абласцей пачалося летась, азнаменавалася абменнымі візітамі. Сёлета ўпершыню наведалі сяброў на ўсходзе краіны намеснік дырэктара гімназіі Ніна Барысаўна Трэгубава і кіраўнік навуковага таварыства вучняў “Зямляне” Ірына Аляксандраўна Грушэўская.
Лунінчан уразіла, што Ельская гімназія, якая нават не мае асобнага будынка – размяшчаецца на 3-ім паверсе агульнаадукацыйнай школы, прымае такі вялікі форум. У інтэлектуальных гульнях, на думку нашых землякоў, ёсць чаму павучыцца ў сяброў. У Год культуры ў веданні славянскіх каштоўнасцей і традыцый спаборнічалі пяць каманд. Акрамя гаспадароў, былі госці не толькі з Лунінца, але і з Хойнікаў, Нароўлі, Мазыра. Наша каманда ў складзе 9-10-класнікаў – гэта Крысціна Вярэніч, Кацярына Скіба, Максім Ходат, Уладзіслаў Шабан, Мікалай Альцывановіч – заняла другое месца. Коля таксама выступіў у конкурсе аратарскага майстэрства. Стварыць вобразную кампазіцыю дапамаглі Улад, які іграў на баяне, і 8-класніца Аліна Крагель з элементамі харэаграфіі.
Больш як 150 удзельнікаў чытанняў вызначаліся па сямі напрамках дзейнасці. Актыўнасць праявілі нашы 6-класнікі (навуковы кіраўнік Ірына Анатольеўна Дасько). У конкурсе даследаванняў Віталь Кацуба прадставіў “Сем адметнасцей Лунінца”, з творчай работай “Память горя сурова, память славы жива…” выступіў Станіслаў Краўцоў. Абодва адзначаны дыпломамі ІІ ступені.
У рамках чытанняў адбыліся дзве алімпіяды. Вучні 2-4 класаў дэманстравалі веданне асноў праваслаўнай культуры. У алімпіядзе “У пачатку было Слова…” прыняла ўдзел 5-класніца Марына Наварыч. Педагогі лічаць вельмі карысным такі вопыт і намераны рыхтавацца больш грунтоўна на будучы год.
Безумоўная перавага чытанняў у Ельску – запрашэнне прадстаўнікоў розных сфер жыццядзейнасці. У кожнай выдатна арганізаванай секцыі працавалі і педагогі, і свяшчэннікі. Яшчэ больш шырокім, што вынікае нават з назвы, было кола ўдзельнікаў бацькоўскага ўніверсітэту “Сучасныя выклікі сям’і: супрацьстаянне і абарона”. За “круглым сталом” неабыякавыя дарослыя абмяркоўвалі злабадзённыя пытанні аб выхаванні годнага падрастаючага пакалення.
Вялікае ўражанне на лунінчан зрабіла наведванне Свята-Міхайлаўскага храма і пакланенне чудадзейнай Ельскай іконе Божай Маці.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Ірыны ГРУШЭЎСКАЙ.
Комментарии
Отправить комментарий