Некропаль ацэньвае жывых…

Відавочна, кожнаму даводзілася сутыкацца з такім меркаваннем: цывілізаванасць грамадства вызначаецца ўзроўнем добраўпарадкавання могілак. І сарамліва згаджацца, што па гэтым крытэрыі – пры наяўнасці мноства занядбаных месцаў пахаванняў – нам яшчэ “расці і расці”. Усведамляем, што знішчэнне могілак (сельскіх і каталіцкіх, воінаў розных нацыянальнасцей Расійскай і іншых імперый, нямецкіх ваеннапалонных) адбывалася ў другой палове ХХ стагоддзя выключна ў выніку палітыкі, што імкліва змянялася на нашых землях. Але і ва ўмовах незалежнай Беларусі старыя могілкі, размешчаныя па вуліцы Савецкая ў Лунінцы, выклікаюць горыч і сорам сваёй недагледжанасцю.
Рэчаіснасць прымушае да вываду, што гэта – не толькі мясцовая праблема. У мінулым годзе айчынныя мас-медыа сведчылі аб актах вандалізма на могілках: то ў наваколлях Полацка – “калыскі беларускай дзяржаўнасці”, то пад Шкловам, дзе ў выніку былі разбураны курган і капліца…
Гэтым “выклікам часу” годнае проціпастаўленне далі юныя лунінчане. Мінулай восенню даследчыцкі інтарэс да некропаля ў цэнтры горада праявілі вучні СШ №2 г. Лунінца – Іван Марко і Васіль Радцэвіч з 11 “Б” класа, Алег Карпаў, Вячаслаў Вячорка, Аляксандра Клімава, Дар’я Кулакевіч, Юлія Калянковіч, Марына Канановіч, Іван Міхайлоўскі і многія іншыя вучні 11 “В” класа. З іх навуковым кіраўніком – настаўніцай Дзіянай Раманаўнай СЛАДЗІНСКАЙ гутарым аб гэтай незвычайнай рабоце.

Скажыце шчыра: вашаму частаму знаходжанню на старых могілках не перашкаджалі бацькі школьнікаў?

Па-першае, свяшчэннік іерэй Сергій Крышталь благаславіў вучняў на ўлік пахаванняў. Па-другое, за апошні час наша грамадства маральна пасталела і на многія рэчы глядзіць больш цывілізавана. Па-трэцяе, сучасныя дзеці могуць адстаяць сваю пазіцыю і перад бацькамі, і перад настаўнікамі, што нават у думкі не прыходзіла нам у час нашай вучобы. Уласна кажучы, пад уплывам вучняў паступова і я змяняла свае адносіны да месцаў пахавання. Адпраўной кропкай да збору матэрыялаў стала французская прымаўка: “Калі аднойчы падумаеш, што ты – самы шчаслівы чалавек на свеце, схадзі на могілкі. А калі падумаеш, што ты – самы няшчасны чалавек на свеце, схадзі туды зноў”.
Відавочна, на ўроках гісторыі вучні знаёміліся з вядомымі некропалямі, напрыклад, Новадзявочымі ці Ваганькаўскімі могілкамі ў Маскве, Піскароўскімі – у Сант-Пецярбургу, тбіліскім Пантэонам, Лычакоўскімі могілкамі ў Львове. Яны сталі папулярнымі месцамі турызму ці паломніцтва. Міжволі вымушаюць параўнанне з лунінецкімі рэаліямі…
Гляджу на гэту праблему нават глыбей. Наш сучаснік акадэмік Дзмітрый Ліхачоў лічыў: “Калі не будзе каранёў у роднай мясцовасці, у роднай краіне – будзе многа людзей, падобных на ссушаную расліну “перакаці-поле”… Месцам памяці з’яўляюцца гістарычныя месцы. Могілкі – гэта неад’емная частка любога паселішча. Наведваем іх не толькі для таго, каб памянуць сваіх блізкіх, але і яшчэ раз дакрануцца да гісторыі малой радзімы. Там знайшлі апошні прытулак землякі, якія заслужылі права на тое, каб іх памяталі. Яны ўзводзілі наш горад, абаранялі яго ад ворагаў, вызвалялі і адбудоўвалі для шчаслівага жыцця новых пакаленняў.
Месцы пахаванняў продкаў ва ўсіх народаў лічыліся свяшчэннымі. Апаганьванне, знішчэнне магіл, разбурэнне надмагільных помнікаў ва ўсе часы лічылася вялікім варварствам. Гэта культурная спадчына, здабытак гісторыі, сегмент памяці, які звязвае наступныя пакаленні з мінулымі. Некропаль перакладаецца як “горад мёртвых”, а на самой справе гэта – ацэнка адносін да могілак жывых.
Але ж паўсюдна, у тым ліку ў і Лунінцы, старыя магілы знішчаліся гарадскімі новабудоўлямі. Надмагільныя помнікі людзі забіралі на сядзібы для гаспадарчых патрэб. І дагледжанасць могілак часцей становіцца выключэннем, чым нормай.
Гэтым і тлумачыцца актуальнасць нашага даследавання. Стары лунінецкі некропаль з’яўляецца адной з крыніц гістарычнай памяці, сведкам развіцця горада, таму мае патрэбу ў шэфстве з боку жыхароў. Вырашылі скласці спіс надмагільных помнікаў з надпісамі і фотакаталог пахаванняў. Пасля гэтага распрацуем цыкл асветных гутарак з вучнямі 6-7 класаў, правядзем з імі экскурсіі на могілкі, каб больш даведаліся пра родны край. Магчыма, гэта дасць штуршок да пачатку добраўпарадкавання могілак. Работнікам толькі камунальнай службы гэта не пад сілу, хаця і прыцягваюць школьнікаў. Але трэба, каб падключыліся і прадстаўнікі працоўных калектываў.
Дарэчы, дачыненне школьнікаў да месцаў пахавання – гэта звычайная практыка савецкага часу, з якога нам неабходна ўзяць лепшыя ініцыятывы.
Абсалютна згодна. Усім вядома брацкая магіла на Баханова, дзе пахаваны 4474 савецкіх воінаў, партызан, падпольшчыкаў і ахвяр фашызму, якія загінулі ў перыяд 1941-1944 гг. Курган Бессмяротнасці насыпаны ўручную ў 1967 годзе. Адной з удзельніц акцыі па яго стварэнню была мая калега Валянціна Васільеўна Валько, тады школьніца. Наша былая настаўніца прыгадвала: “Гэта была вялікая грамадская справа. Са сваім інвентаром прыходзілі для таго, каб насыпаць узвышша. Па ланцужку перадавалі вёдры з зямлёй, якую падвозілі на Баханова вялікія КаМАЗы. Тады мы яшчэ не ўсведамлялі важнасць таго, што рабілі. Затое цяпер я і мае равеснікі з гонарам гаворым: мы таксама насыпалі Курган Бессмяротнасці”.
У свеце вядзецца строгі ўлік усіх пахаванняў. Па амерыканскіх законах ні адзін салдат не можа быць пахаваны ў агульнай магіле. У Германіі складзены спіс, змешчаны ў 20-ці тамах, усіх савецкіх грамадзян, якія ў час вайны загінулі і пахаваны на нямецкай зямлі.
Неабходнасць грамадскай і дзяржаўнай увагі да могілак нарэшце асэнсавана і ў нашай краіне. Адным з абгрунтаванняў своечасовасці нашага даследавання з’явіліся змяненні і дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб паграбенні і пахавальнай справе”, якія ўнесены 8 студеня 2015 года. Згодна з ім, “узвядзенне капітальных забудоў на тэрыторыі закрытага месца пахавання забараняецца”, а таксама “выкарыстанне тэрыторыі закрытага месца пахавання дазваляецца толькі пад зялёныя насаджэнні праз 20 год з даты выдзялення ці рэзервавання апошняга ўчастка для пахавання”.
Хочацца спадзявацца, што гэты тэрмін не датычыць старых лунінецкіх могілак. Тут жа пахаваны загінуўшыя ў час акупацыі партызаны і падпольшчыкі; работнікі савецкіх, партыйных і праваахоўных органаў, якіх забілі бандыты пасля вызвалення раёна ад фашыстаў; тры Героі Савецкага Саюза; многія ваеннаслужачыя, якія аддалі жыцці пры выкананні службовых абавязкаў…
Улічваючы тое, што гэтыя могілкі былі адкрыты пасля пачатку чыгуначнага руху, тут знайшлі апошні спачын першапраходцы, дзякуючы якім Лунінец стаў горадам. Зразумела, там хавалі не толькі чыгуначнікаў, але доўгі час месца пахавання было так званым вераспаведным – праваслаўным. Пасля Вялікай Айчыннай вайны могілкі сталі грамадскімі, гэта значыць, тут ёсць пахаванні людзей розных нацыянальнасцей і рэлігійных канфесій. Лунінецкія могілкі – гэта адлюстраванне драматычнай гісторыі горада, жыхары, справы і жыццё якіх могуць служыць прыкладам для кожнага пакалення лунінчан. На жаль, не аб кожным ведаем наогул, аб некаторых – недастаткова падрабязна. Галоўным дасягненнем лічым тое, што ў працэсе даследавання на працягу з верасня па лістапад мінулага года ўпершыню зрабілі спробу вывучыць і апісаць пахаванні.
Ваша работа занатавала нестандартны падыход да класіфікацыі пахаванняў. Вы ўзялі розныя прыкметы: даціроўка магіл, матэрыял надмагільных помнікаў, класіфікацыя нябожчыкаў па полу і ўзросту…
У ходзе даследавання было выяўлена 227 сямейных пахаванняў. Па два чалавекі – 177 магіл (78%), па тры – 30 (13%), па чатыры – 11 (каля 5%), па пяць і па шэсць – па 4 (2%). Адно сямейнае пахаванне захоўвае памяць пра сем чалавек. Адначасова знойдзены магілы лунінчан з аднолькавымі прозвішчамі. Нябожчыкі маглі быць і чужымі людзьмі, і сваякамі.
Паколькі старыя лунінецкія могілкі не інвентарызаваны, па невысветленых прычынах не знаходзяцца на балансе прадпрыемства ЖКГ, цікавы любы факт у характарыстыцы гэтага гістарычнага месца.
Намі ўлічана 2699 пахаванняў. З іх 1823 (67,5%) – маюць надмагільныя помнікі з прозвішчамі; 876 (32,5%) – не ідэнтыфікаваны. З выяўленых самае старое па даце – 1899 года, апошняе – 2008-га, хаця з 1984 года могілкі лічацца закрытымі. З 1823 ідэнтыфікаваных пахаванняў 742 (41,7%) з’яўляюцца жаночымі, 982 (54,3%) – мужчынскімі, 79 (4%) – дзіцячымі. Мяркуючы па гэтых лічбах, на працягу стагоддзя смяротнасць сярод мужчын была на 12 працэнтаў вышэй, чым сярод жанчын. Сярод тых, хто пахаваны ў Лунінцы, два чалавекі перасягнулі 100-гадовы рубеж, 63 – мелі 90 і больш год, 178 – былі 80-гадовымі. 300 чалавек завяршылі зямны шлях у 70 і больш год, амаль столькі ж – у 60, 196 – у 50, 170 – у 40, 129 – у 30, 75 – у 20, 79 – да 18-ці год. У 300 чалавек узрост не вызначаны.
Звычайна могілкі прыцягваюць і цікавымі помнікамі, якія харатарызуюць архітэктурны стыль часу пахавання.
У Лунінцы можна вылучыць некалькі асноўных тыпаў. Самыя распаўсюджаныя –кованыя крыжы ці цэментныя помнікі з крыжам. У пасляваенны час звычайна ставілі асіметрычныя пліты са скошаным рабром, быццам нагадваючы, што чалавек – у росквіце сіл – загінуў пры выкананні службовага абавязку ці памёр рана па збегу абставін. Аналагічныя – пірамідкі ці стэлы з пяціканцовымі зоркамі. З 1970-ых год распаўсюджаны надмагільныя помнікі ў выглядзе вертыкальнай пліты. Спачатку матэрыялам служыла гранітная крошка, пазней – граніт і мармур. Самыя арыгінальныя помнікі – у выглядзе дрэва з абсечанымі галінкамі…
Звычайна госці Лунінца, знаёмячыся з гістарычнымі мясцінамі горада, просяць правесці экскурсію і па могілках. І як прыкра сустрэць на месцах пахавання гараджан так званых асацыяльных паводзін. Не кажу ўжо аб наступствах іх баўлення вольнага часу…
Іншы раз таксама сутыкаліся з такімі “вясёлымі кампаніямі”. Калі мы былі групай, гэта не выклікала апасенняў. У адзіночку не рызыкавала рабіць “перапіс”. Дапамагалі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў Саюза афіцэраў і Саюза “афганцаў”. Вайскоўцы адзначалі, што на могілках шэрагу вёсак больш парадку, чым у горадзе. У нас жа ёсць месцы пахавання і дагледжаныя, і закінутыя. Безумоўна, у многіх з тых, хто знайшоў апошні спачын у Лунінцы, цяпер тут не засталося сваякоў ці знаёмых. Але ж гэта не павінна быць прычынай занядбання могілак!
Грунтоўна даследаваўшы некропаль, вы вылучылі нейкія канкрэтныя прапановы па добраўпарадкаванню святыні?
Трэба наводзіць парадак – гэта разумеюць усе. Спецыялістам камунальнай службы, якія, дарэчы, падзякавалі нам за даследаванне, лепш ведаць – што канкрэтна трэба рабіць. Што пад сілу звычайным людзям – прыбраць галіны дрэў, старых вянкоў, кінутых пакетаў, высекчы зараснікі хмызняку, вынесці горы і горкі сметнікаў. Неабходны суботнікі – і не адзін. Упэўнена, што добраахвотнікі знойдуцца, калі работы будуць арганізаваны. І ўсё ж не абысціся без вопыту іншых гарадоў. Напрыклад, у Пінску старыя могілкі (яны там сумесныя: злева – каталіцкія, справа – праваслаўныя) умоўна разбілі на ўчасткі і замацавалі за вытворчымі прадпрыемствамі, якія маюць матэрыяльныя, тэхнічныя і людскія рэсурсы. Грамадскія арганізацыі ажыцяўляюць пастаянны кантроль за доглядам магіл. Мэтазгодна было б выкарыстаць гэты вопыт. У Лунінцы трэба надаць прыстойны выгляд некропалю, а таксама захаваць гістарычныя дамінанты.
У сваім даследаванні вы заклікаеце сродкі масавай інфармацыі больш актыўна весці растлумачальную работу сярод насельніцтва. Што маеце на ўвазе?
Напрыклад, пераконваць людзей не купляць напярэдадні Радаўніцы і Дзядоў кітайскія штучныя кветкі і вянкі. Гэтыя рэчы хутка набываюць непрывабны выгляд, больш таго – пры сваім разлажэнні хімічна забруджваюць навакольнае асяроддзе. Прыводзіць рэкамендацыі адпаведных службаў не высаджаць на магілах расліны, таму што яны патрабуюць пастаяннага догляду. Неабходна таксама для асветы жыхароў і гасцей Лунінца абсталяваць стэнд са схемай могілак, дзе адзначыць месцы пахавання асоб, якія залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю нашага краю.
Працу, прызнаную лепшай у раёне, Брэсцкае ўпраўленне адукацыі не прыняло да абласнога этапу конкурсу работ вучняў “З навукай – у будучыню”. Хочацца спадзявацца, што гэта не засмуціла аўтарытэтную настаўніцу, кіраўніка раённага метадычнага аб’яднанні гісторыкаў, і яе выхаванцаў. Для Лунінца і яго жыхароў зроблена выключна важная справа. Аднавіўшы імёны продкаў, школьнікі ХХІ стагоддзя рэабілітавалі за забыццё некалькі пасляваенных пакаленняў. Ужо цяпер за апісанне могілак ім выказалі ўдзячнасць афіцыйныя асобы прадпрыемства ЖКГ. Безумоўна, даследаванне можна і трэба працягваць, каб з гісторыі Лунінца за даўнасцю часу не была выкраслена ні адна значная асоба. У гэтым сэнсе праца вучняў пад кіраўніцтвам Д.Р. Сладзінскай стала сапраўды першым крокам набліжэння лунінецкага грамадства да цывілізаванасці.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии