“Гораду і свету”


адрасавалі свае новыя пошукі вучні гімназіі г. Лунінца, якія на працягу сакавіка праводзілі конкурс экспрэс-праектаў “Культура Беларусі” ў рамках штогадовага фестывалю.
 
Урачыстае завяршэнне яго адбылося 2 красавіка і было прысвечана 20-годдзю яднання народаў Беларусі і Расіі. Напярэдадні чатыры суботы класы абаранялі творчыя працы па чатырох намінацыях. Ініцыятар фестывалю – кіраўнік навуковага таварыства вучняў “Зямляне” Ірына Аляксандраўна Грушэўская шчыра ўдзячна дарослым, якія падтрымалі даследаванні дзяцей у сферы культуры, што справядліва называюць мастком да духоўнасці.
У намінацыі “У свеце цудоўнага (літаратура, тэатр, кіно)” пераможцаў заахвоціла дзіцячая бібліятэка. Камандзе 7 “А” (класны кіраўнік Ірына Іванаўна Краўцова) прыз уручыла загадчыца Валяніцна Якаўлеўна Яфрэмава.
Лепшымі знаўцамі “Музыкі на ўсе часы (народныя мелодыі, класіка, эстрада)” паказалі сябе вучні 6 “Б” класа (Галіна Мікалаеўна Сіманава) і атрымалі падарунак ад загадчыцы сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяны Іванаўны Лівінец.
Напярэдадні 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны вельмі важнай стала намінацыя “Памяць”. Помнікі і мемарыялы вывучалі вучні 7 “Б” класа (Ірына Уладзіміраўна Абраменя). Прыз уручыў старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Уладзімір Іванавіч Жураўлёў, які прыняў удзел у фестывалі з групай паплечнікаў.
У намінацыі “За духоўнае адраджэнне” лепшымі былі вучні 6 “А” (Ірына Анатольеўна Дасько). Кнігу як падарунак ад настаяцеля храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) перадала адданая прыхаджанка Ірына Пятроўна Раманчук, бібліятэкар гімназіі.
Фіналам фестывалю стала віктарына. Найбольшую колькасць адказаў у вызначаны тэрмін далі вучні 6 “Б” класа. Такім чынам дзеці атрымалі і другую ўзнагароду – ад дырэктара раённага краязнаўчага музея Наталлі Барысаўны Благадзёравай.
Дырэктар гімназіі Аляксандр Аляксандравіч Грушэўскі адзначыў, што Год культуры працягваецца – значыць, “Зямляне” парадуюць зацікаўленых дарослых яшчэ мноствам разнастайных спраў.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии