Сілкаваць агульны корань


заклікалі ўдзельнікі міжнароднай сустрэчы ў гонар Дня славянскага пісьменства, якая 24 мая адбылася ў Зарэчненскім раёне Украіны.
Па благаславенню архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана памежны раён краіны-суседкі ўпершыню наведала дэлегацыя з нашай епархіі. Ад Пінска да пагранічна-мытнага пераходу – 34 кіламетры. Яшчэ 10 – да сяла Марочна, дзе гасцей прымаў настаяцель Свята-Параскевінскага храма протаіерэй Павел Дубінец. Бацюшка карыстаецца вялікім аўтарытэтам як сярод юных прыхаджан, з якімі заўзята гуляе ў футбол, так і сярод дарослых, якія выбралі яго дэпутатам Зарэчненскай раённай Рады. Шырока вядомы айцец Паўло (па-украінску) краязнаўчымі працамі, дзякуючы чаму выяўлены шэраг адкрыццяў у гісторыі храмаў і лёсах духоўных пастыраў нават нашага краю.
На пасяджэнне, прысвечанае роўнаапостальным Мяфодзію і Кірылу, настаўнікам Славенскім, гасцінна запрасіла бібліятэка райцэнтра. Прадстаўнікоў Беларусі віталі ўлады духоўныя і свецкія – благачынны акругі, настаяцель Свята-Успенскага храма, а таксама кіраўнік Зарэчненскай дзяржаўнай адміністрацыі і яго намеснік (дарэчы, выпускнік Столінскага саўгаса-тэхнікума).
Іерэй Іаан Гарбуноў, які ўзначаліў нашу дэлегацыю, пазнаёміў з гісторыяй і святынямі Пінскай епархіі. Іерэй Сергій Плотніцкі паведаміў аб справах сацыяльнага служэння, аддзел якога ён узначальвае. Бібліятэкар Лунінецкага політэхнічнага каледжа Вера Скіба падрыхтавала прэзентацыю аб Кажан-Гарадоцкім Свята-Нікольскім храме. Беларуска-украінскія сувязі былі праілюстраваны на прыкладзе дочак мясцовага настаяцеля даваеннага часу, стаўшых матушкамі – спадарожніцамі жыцця свяшчэннікаў, якія ўзначальвалі прыходы ў суседняй краіне. Аб творчых стасунках дзеячаў культуры сведчыў прагляд відэазапісу канцэрта Наталлі Мурко. У выкананні лунінецкай спявачкі прагучала ўкраінская песня аб маці, што напісаў кампазітар з Сарнаў Віктар Торчык.
Цікавымі былі выступленні зарэчненскіх краязнаўцаў, у ліку якіх – настаўнікі, урачы, культработнікі. Своеасаблівая відэаэкскурсія пазнаёміла з 30-цю храмамі Рускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхата (гэта – значная лічба: у раёне ж пражывае толькі 30 тысяч жыхароў, частка якіх акармляюцца ў храмах іншых канфесій). Бібліятэкай падрыхтаваны выданні аб святынях сярэднявечча, роўна шануемых беларускім, рускім, украінскім народамі. Гэта падкрэсліла і сустрэча, што вялася на трох мовах, і тэма: “Адно Палессе, адна вера, адна культура”.
Краязнаўцы з Украіны падкрэслівалі, што многія дакументальныя звесткі знаходзяць у архівах Беларусі, захапляліся захаваннем у нашай краіне нацыянальнай спадчыны (асабліва шмат паломнікаў з украінскага Палесся наведвае старажытны Тураў). У сваю чаргу госці не хавалі ўражанняў ад школы ў Марочна і гімназіі ў Зарэчна, дзе з уваходу і ў кожным класным пакоі з ікон глядзяць святыя, а істотнай часткай музеяў устаноў адукацыі сталі старыя прадметы царкоўнага ўбрання. У сяле Сернікі захапіліся веліччу Свята-Узнясенскай царквы, дзе цяпер вядзецца роспіс (што тыпова для новых будынкаў украінскіх храмаў). Шчыра пажадалі падтрымкі дабрачынцаў жаночаму манастыру Валынскай іконы Божай Маці – дзесяць сясцёр на чале з матушкай, ігуменняй Іуліаніяй, адраджаюць палескую святыню…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии