Дзеля памяці...


22 чэрвеня – 75 год з пачатку Вялікай Айчыннай вайны
Спрадвеку святу Троіцы папярэднічае бацькоўская памінальная субота.

Сімвалічна, што сёлета яна прыйшлася напярэдадні 22 чэрвеня – даты ўсенароднай памяці і смутку. Вучні, якія адпачываюць у профільным лагеры “Зямляне” гімназіі г. Лунінца, вызначылі гэты дзень правядзеннем традыцыйнай акцыі міласэрнасці “Марш жыцця”. Шэраг спраў зрабілі да абеда: прыбралі магілы настаўнікаў пачатку ХХ стагоддзя; аказалі магчымую дапамогу падшэфным старажылам; далучыліся да добраўпарадкавання кветнікаў новага храма… У другой палове дня дзеці разам з выхавальнікамі сабраліся каля Кургана Бессмяротнасці. Вядучыя – Дар’я Гелец, Ірына і Ганна Кіндрук, Мікіта Іваноў, Аляксей Хамула, Анатоль Якубовіч – расказалі аб трагедыях, што здарыліся ў Лунінцы ў пачатку вайны. Гучалі імёны ахвяр фашызму, якія пахаваны ў гэтай самай вялікай у нашым горадзе брацкай магіле, што вызначана і насыпам, і сучасным помнікам – крыжом са звонам. З асаблівым пачуццём гімназісты называлі загінуўшых дзяцей: “Цхаўрэбаў Генадзь, 12 год…”, “Дзяміды – Саша, 14 год, Іра, 12, Тома, 7 год…”, “Бернаты – Юра, 5 год, Галя, 4, Валя, 2 годзікі”… Нагадалі і аб першай трагедыі перыяду акупацыі: 22 ліпеня 1941 года ў Бастыні былі расстраляны савецкія актывісты, у ліку якіх – дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 53-гадовая Марыя Сафронаўна Бушыла. Гэта – прабабуля вучаніц гімназіі Алёны і Юліі Канапацкіх. З яе імем сёстры стаялі ў “Бессмяротным палку”, як многія юныя і дарослыя лунінчане, што прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме. Да падножжа кургана былі ўскладзены гірлянды і кветкі. Прачулыя словы дзецям адрасавалі кіраўнікі раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў.
Лунінецка-Ганцавіцкая аргструктура ДТСААФ – Барыс Іванавіч Гнедзька:
22 чэрвеня – знакавая дата для нашых дзедаў і бацькоў, для нас. Радасна бачыць, што традыцыі і каштоўнасці папярэдніх пакаленняў дарагія сучаснай моладзі. Памяць аб загінуўшых – свяшчэнная. Дакладна сказана: “Гэта трэба не мёртвым – гэта трэба жывым”…
Беларускі саюз афіцэраў” – Уладзімір Іванавіч Жураўлёў:
Удзельнікі мітынга-рэквіема яскрава адлюстравалі трагедыю і гераізм вайны. Чыталіся імёны ахвяр фашызму… Акупанты знішчылі б нас усіх, калі б не перамагла Чырвоная Армія. І цудоўна, што, як і 9 мая, з партрэтамі пераможцаў у “Бессмяротным палку” зноў стаялі нашчадкі былых франтавікоў і партызан.
Беларусі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” – Мікалай Мікалаевіч Кавалец:
У кожнага пакалення – свой абавязак перад Айчынай. Мы выканалі яго, абараняючы паўднёвыя рубяжы тады яшчэ адзінай вялікай краіны. Шчыра жадаем, каб нашы дзеці служылі Радзіме ў мірных умовах, мацавалі яе сваёй добрай вучобай, стваральнай працай, справамі дабрыні.
Выказаўшы ўдзячнасць ганаровым гасцям, начальнік “Зямлян” Ірына Аляксандраўна Грушэўская адзначыла: лепшая памяць – гэта малітва. Ліцію па ахвярах фашызму і забітых на фронце воінах служылі настаяцелі: іерэй Сергій Крышталь (храм іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” г. Лунінца) і іерэй Алексій Ільючык (храм Новамучанікаў і Спаведнікаў Беларускіх в. Красная Воля). Яркае сонца і блакітнае неба віталі ўдзельнікаў кранаючай памінальнай сустрэчы, а шапаценне лістоў бярозы каля кургана здавалася водгукам мінулых пакаленняў, памяць аб якіх ідзе “з роду ў род”.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии