“Малітвы прыхаджан – крылы для свяшчэнніка”

Такімі словамі настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) іерэй Сергій Крышталь дзякаваў лунінчанам.
Нядзельным вечарам служыўся акафіст прападобнаму Сергію, ігумену Раданежскаму. Традыцыйнае Богаслужэнне 18 ліпеня сёлета не адбывалася. Дакладней, з удзелам архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана служба ўрачыста праходзіла ў Спаса-Прэабражэнскім храме в. Язвінкі, куды быў запрошаны наш бацюшка (дарэчы, настаяцель вясковай царквы – таксама імяніннік, іерэй Сергій Чыж).
Сардэчныя вітанні з нагоды дня анёла прыхаджане адрасавалі айцу Сергію напярэдадні. Настаяцеля павіншавалі клірасны хор (рэгент Алена Георгіеўна Кавалевіч), кіраўнік вытворчага прадпрыемства “Вікторыя” Юрый Мікалаевіч Плаксін, царкоўны стараста Вера Рыгораўна Андрэйкавец, адна з актыўных верніц-працаўніц Зінаіда Міхайлаўна Молчан, многія прысутныя. Гучалі цудоўныя спевы і шчырыя словы, уручаліся падарункі. Па біблейскай прытчы, самы лепшы падарунак – не той, што атрымліваеш, а той, што сам дорыш. Бацюшка з задавальненнем павіншаваў цёзку. Як і настаяцелю, юнаму прыхаджаніну Сяргею таксама выконвалася “Многая лета”.
Вітаючы айца Сергія, віншавалі і дзвюх яго дачушак, якія названы імёнамі прападобнамучаніцы вялікай княгіні Елісаветы і інакіні Варвары. У сям’і бацюшкі 18 ліпеня заўсёды святкуецца тры дні анёла…
Прагучала думка, што, віншуючы імяніннікаў, такім чынам яшчэ і яшчэ раз услаўляем святога, у гонар якога названы чалавек. Як важна – быць вартым свайго нябеснага ахоўніка, імкнуцца да духоўнага ўдасканалення… На карысць айца Сергія гавораць шматлікія справы па пераўтварэнню былога ўрочышча Баханова ў квітнеючы куточак прыгажосці. Свяшчэннік падзякаваў лунінчанам, нагадаўшы, што аўтарытэт настаяцеля грунтуецца на дабрадзейнасці прыхаджан, і папрасіў іх малітоўнай падтрымкі.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии