Першае дзесяцігоддзе


адзначае сёлета прыход храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”).
Яго настаяцелем 31 жніўня 2006 года быў прызначаны іерэй Сергій Крышталь. Сімвалічна, што гэта падзея адбылася напярэдадні Дня ведаў. Хутка свяшчэннік стаў памочнікам благачыннага па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, аўтарытэтным настаўнікам для вучняў і нядзельных школ, і агульнаадукацыйных устаноў. Сваім жыццёвым прыкладам айцец Сергій паказвае прагу ведаў, неабходнасць інтэлектуальнага развіцця і духоўнага ўдасканалення. Ён атрымаў ступень магістра, потым абараніў дысертацыю на званне доктара багаслоўя ІІ ступені. І гэтыя навуковыя вяршыні дасягнуты адначасова разам з сапраўды тытанічнай работай па ўзвядзенню храма, які быў асвячаны тры гады таму!
Віншуючы бацюшку з 10-годдзем прызначэння на служэнне прыходу, рэгент кліраснага хору Алена Георгіеўна Кавалевіч нагадала аб драматычных абставінах таго недалёкага жніўня. Дзякуючы малітоўным просьбам лунінчан, адзіна дакладнае, як паказаў час, рашэнне прыняў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. Ветэран педагагічнай працы Аляксандра Георгіеўна Кулага, якая ўзнагароджана знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, падзякавала айцу Сергію за стваральныя справы, упрыгожыўшыя чыгуначнае Залессе, за актыўнае супрацоўніцтва з установамі адукацыі.
Па шчырай традыцыі ў адказ на вітанні свяшчэннік сам дзякаваў усім і віншаваў асобных прыхаджан. Асаблівыя словы павагі былі адрасаваны вышэй указанай А.Г. Кулага, а таксама Андрэю Кандратавічу Базанчуку, які ў 2007-ым пачынаў будаўніцтва новага храма. Абодва жыхары Лунінца ўласныя юбілейныя 70-годдзі адзначылі ў вялікае непераходзячае двунадзесятае свята – Перамяненне Гасподне.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии