Мілыя людзям


Праграма “Дзень Анёла”, прысвечаная імянінніцам верасня, адбылася ў інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”).
Кожны дзень царкоўнага календара багаты на святых, жыцці якіх служаць прыкладам на працягу тысячагоддзяў. Сёлета спыніліся на мучаніцы Людміле, княгіні Чэшскай. Яшчэ ў 927 годзе яна пацярпела за Хрыста, але памяць аб людзях, адданых веры, сапраўды вечная. У знак шанавання святой многія сучасніцы названы гэтым прыгожым славянскім імем. Прыгадалі літаратурных гераінь – першая, зразумела, з пушкінскай паэмы “Руслан і Людміла”. Аб адлюстраванні цудоўнага вобразу ў жывапісу і музыцы, з дэманстрацыяй фотапартрэтаў славутых артыстак сапраўдны ўрок “сусветнай мастацкай культуры” дала Наталля Іванаўна Казанкова. Хвілінай маўчання завяршылі пералік лунінчанак, што завяршылі зямны шлях... З імем, што ўвасабляе “мілых людзям”, гераінямі “Дня Анёла” былі ветэраны педагагічнай працы Людміла Міхайлаўна Лагвіненка, Людміла Аляксееўна Гоман, Людміла Міхайлаўна Бусько. Яны падзяліліся расповядамі аб цікавых выпадках уласнага жыцця. Многія з іх былыя настаўніцы называюць цудам і дзякуюць за нябеснае ахоўніцтва святой Людміле (дзень памяці – 29 верасня). Сустрэча працягнулася ў храме малітвамі настаяцеля іерэя Сергія Крышталя і прыхаджан на традыцыйным нядзельным акафісце.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии