Апошнія апосталы святла


Такое паэтычнае вызначэнне трывала замацавалася за бібліятэкарамі.
Магчыма, падзяляючы гэту думку, настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) іерэй Сергій Крышталь у асяроддзі захавальнікаў кніг адзначыў адну з сёлетніх адметных дат – 10-годдзе служэння першага акафіста ў прыходзе храма, будаваць які ён атрымаў прызначэнне 31 жніўня 2006 года. У цэнтральнай бібліятэцы бацюшка прадставіў выданні Свяшчэннага Пісання з уласнага збору. Гэта – кнігі розных часоў, на розных мовах, па-рознаму аформленыя. Удзельнікі сустрэчы даведаліся, што Біблія – не цэльная кніга, а збор старажытных манускрыптаў, што захаваліся да нашых дзён. Хаця самі яны не з’яўляюцца арыгінальнымі сведчаннямі апосталаў, але гэта працы, перапісаныя першымі хрысціянамі для перадачы Слова Божага нашчадкам.
Свяшчэннік паведаміў аб шматлікіх перакладах Бібліі, адказаў на пытанні прысутных. Праграму ў зале праваслаўнай кнігі (ён называецца “Астравок духоўнасці”) вяла дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Васільеўна Кішкевіч. Яна шчыра падзякавала айцу Сергію за цікавую гутарку, адзначыўшы, што сустрэчу са свяшчэннікам лічыць своеасаблівым благаславеннем на святкаванне 70-годдзя цэнтральнай бібліятэкі.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии