“І пацалаваў Евангеліе...”

 Настаяцель Свята-Параскевінскага храма в. Марочна протаіерэй Павел Дубінец не хаваў эмоцый, трымаючы фаліянт беларускай святыні.

У свой час дзяржава зрабіла значны падарунак тым, хто цэніць нацыянальную спадчыну, – факсімільнае выданне Слуцкага Евангелія. З гонарам дэманстравалі самую вялікую каштоўнасць і ў цэнтральнай бібліятэцы. Дырэктар ЦБС Алена Навуковіч і загадчык аддзела Валянціна Рагалінская былі ўражаны благагавейнымі адносінамі да кнігі госця.

–Мару аб тым, каб свет убачыў і 500-гадовую палесскую святыню – Нобельскае Евангеліе, – проста растлумачыў сваю шчырасць айцец Павел.

Свяшчэннік з Зарэчненскага раёна Ровеншчыны (Украіна), які летась упершыню наведаў наш край, сёлета прыехаў з земляком. Протаіерэй Ігар Чэпура ў прыходзе в. Муравін узначальвае два храмы Ражджаства Багародзіцы: адзін – драўляны XVIII стагоддзя, другі – узведзены 5 год таму. Прыемна было чуць добрыя ўражанні аб Лунінцы і лунінчанах. Госць захапляўся станам бібліятэкі і цэнтра дзіцячай творчасці, велічнасцю нашай плошчы і чысцінёй гарадскіх вуліц, шанаваннем мясцовых гістарычных асоб.

Кіраўнік аддзела па сацыяльнай рабоце Пінскай епархіі іерэй Сергій Плотніцкі, які суправаджаў украінскіх бацюшкаў, як і яны, не хаваў захаплення ад здольных дзяцей. У ЦДТ азнаёміліся з выставай твораў юных і дарослых умельцаў, падзякавалі іх педагогам. Уражаныя выступленнем узорнага вакальнага ансамбля “Залатое птушаня” (кіраўнік Галіна Гімбатава), госці сфатаграфаваліся з юнымі спевакамі, а тыя ў сваю чаргу запрашалі свяшчэннікаў на новыя сустрэчы...

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии