"Угодны Богу"

Так тлумачыцца імя, ушанаванае ў свяце Сабору Архістраціга Міхаіла.

Напярэдадні 21 лістапада імяніннікам гэтага дня прысвяцілі сустрэчу ў інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”). Ветэран педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова падрыхтавала цікавае паведамленне аб славутых дзеячах мастацтва з імем Міхаіл – паэце Лермантаве і мастаку Ўрубелі. Прадстаўнікоў розных эпох злучыла творчасць – першы напісаў паэму “Дэман”, якую багата ілюстраваў другі...

Светла ўспомнілі адметных сучаснікаў, якія сваімі справамі жывуць у сэрцах людзей. Ветэран працы ўстаноў аховы здароўя Эма Васільеўна Шалік прыгадала ўрачоў – Міхаіл Антонавіч Ярашук і Міхаіл Аляксандравіч Качура выратавалі шмат жыццяў лунінчан, сталі заснавальнікамі медыцынскіх дынастый... Лунінецкі настаўнік фізікі Міхаіл Фёдаравіч Шлёміч запомніўся не толькі выдатным выкладаннем прадмета, але і шчырым гумарам, артыстычнымі здольнасцямі. У СШ №4 сыграў адну з галоўных роляў у пастаноўцы купалаўскай “Паўлінкі”, а ў СШ №1 стаў героем вясёлай насценгазеты, якую беражліва захоўвае ўдава – Таццяна Мікалаеўна, таксама ветэран педагагічнай працы. З мужам яны сябравалі са студэнцтва, выгадавалі дачку і сына, а зямны шлях іх бацькі завяршыўся 16 красавіка, у чарговую гадавіну вяселля... Некаторы час жыццё настаўніка было звязана са школай-інтэрнатам. Ушанавалі памяць аднаго з дырэктараў: дзейнасць Міхаіла Навумавіча Капыткоўскага была адзначана вышэйшай узнагародай СССР – ордэнам Леніна...

Так натуральна размова перайшла яшчэ да аднаго прадстаўніка гэтай навучальнай установы незвычайнага тыпу. Настаўнік малодшых класаў Міхаіл Сцяпанавіч Юнкевіч пачынаў у школе-інтэрнаце з дня яго заснавання і працаваў выхавальнікам з 1963-га і потым, працягнуўшы ў ліцэі, па 2001 год. Павіншавалі імянінніка з сёлетнім юбілеем. Такія ж шчырыя пажаданні моцы духу і міру душы адрасавалі Людміле Міхайлаўне Лагвіненка, у якой цёзкамі былі бацька з дзедам, а мама зрабіла абодвум падарунак, нарадзіўшы на свет дачку 21 лістапада. Міхаілам названы і яе сын...

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии