"Божы Дух вітаў у высі..."

Паэтычным радком Якуба Коласа можна вызначыць падзею, што адбылася ў СШ №1 г. Лунінца.

На восеньскіх канікулах дырэктар школы Галіна Уладзіміраўна Грамыка запрасіла свяшчэнніка адслужыць малебен за настаўнікаў і вучняў, асвяціць кабінеты, лабараторыі, калідоры. Настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) іерэй Сергій Крышталь з радасцю адгукнуўся на прапанову: і як духоўны пастыр, і як бацька, дочкі якога – вучаніцы гэтай школы.

У набажэнстве прынялі ўдзел усе жадаючыя – прадстаўнікі адміністрацыі, педагагічнага калектыву, вучняў. На кароткі час адрашыўшыся ад паўсядзённай мітусні, у полымі свечак бачылі аблічча тых, за каго ўзносіў малітвы свяшчэннік. На памяць айцец Сергій уручыў дырэктару ікону Божай Маці “Трилетствующая”...

Сімвалічна, што падзея адбывалася 3 лістапада, у дзень нараджэння Якуба Коласа. Як вядома, у 1911-1912 гг. будучы класік нацыянальнай літаратуры жыў у Лунінцы ў свайго сакурсніка па Нясвіжскай семінарыі, які працаваў у тагачасным сяле. Народнае вучылішча з жылым пакоем для настаўніка размяшчалася на тым жа месцы, дзе ў 1961-ым узведзена СШ №1. Ёсць падставы адзначыць тры юбілейныя даты: 165 год першай навучальнай установе Лунінца, 105 – знаходжанню ў школе Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча, 55 год – будынку! На гэта быццам благаслаўляла малітва і радкі з “Сымона-музыкі” – народны пясняр пачынаў стварэнне паэмы ў нашым горадзе...

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии