“Дай, Божа, святкаваці і на другі год даждаці...”

Добрыя пажаданні гучалі 13 студзеня ў гімназіі г. Лунінца.

Вучні, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Асновы праваслаўнай культуры”, віншавалі дзяцей і дарослых сваёй установы адукацыі. Кіраўнік аб’яднання – бібліятэкар Ірына Раманчук расказала, што загадзя падрыхтавалі каляднае прадстаўленне з песнямі і жартамі. Нагадваючы дарослым і дзецям аб Нараджэнні Іісуса Хрыста, жадалі ўсім міру, дабрабыту, узаемаразумення.
Калядоўшчыкаў радасна віталі ў кабінетах адміністрацыі і класных пакоях. Першы ўдзельнік абраду з гонарам трымаў “звязду” – правобраз Віфлеемскай зоркі сімвалізуе цудоўнае паяўленне на свет Богадзіцяці. Другі нёс драўляную “казу” – гэта сімвал жыццёвай сілы і ўрадлівасці (а, перш-наперш, з мэтай пажадаць сялянам добрага ўраджаю і стварылася традыцыя ў старажытнасці). Лічыцца таксама, што “каза” дапамагае вельмі сур’ёзным людзям паглядзець на свет крыху весялей. “Разумнікам і разумніцам” вельмі дарэчы былі пажаданні добрага настрою на ўвесь год! Апошнім уваходзіў “механоша” – вельмі важная роля, таму што дзеці і дарослыя, якія з задавальненнем слухалі калядоўшчыкаў, не шкадавалі для іх пачастункаў. Развітанне выказвалася шчырымі словамі:  
Усяго вам уволю, жывіце ў даволі, 
Майце торбу грошай, жывіце ў раскошы…
Ірына Пятроўна і яе выхаванцы ўдзячны лабчанскай байкапісцы Настассі Якавец, творы якой выкарысталі ў абрадзе. Далучыўшыся да народных традыцый, з калядоўным прадстаўленнем гімназісты наведалі і шэраг сацыяльных устаноў.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. 

Комментарии