“Люди, где зародилися и ускормлены суть... к тому месту великую ласку имеють”

Словы Францыска Скарыны ўвасабляюць любоў да малой радзімы, якую дэманстравалі ўдзельнікі VI гісторыка-філалагічных чытанняў памяці Мікалая Анцукевіча ў гімназіі г. Лунінца.

Арганізатар сустрэчы – навуковае таварыства вучняў, нязменная вядучая – кіраўнік НОУ “Зямляне” Ірына Аляксандраўна Грушэўская. Гісторык і філолаг, які сваёй творчасцю аб’яднаў Беларусь, Літву і Расію, галоўную працу жыцця напісаў у нашым горадзе. Добрымі сябрамі лунінчан стаў калектыў Ельскай гімназіі Гомельскай вобласці – землякі М.П. Анцукевіча. Сёлета, на 125-годдзе гісторыка і філолага, на чытанні ўпершыню запрасілі дэлегацыю Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І. Нядзведскага. У відэазвароце да ўдзельнікаў звярнуліся вучні Вільнюскай беларускай гімназіі, якую пэўны час узначальваў лунінецкі настаўнік.

Славянскую пісьменнасць стварылі святыя Кірыл і Мяфодзій. 500 гадоў таму палачанін Францыск Скарына даў нам, беларусам, на адну падставу больш “людзьмі звацца”. 500-годдзе беларускага кнігадрукавання называюць яшчэ Годам беларускай Бібліі. Першы дзень – філалагічны, быў прысвечаны юбілею. Цікавыя выданні стварылі кніжную выставу. “Храните Слово” – так паэтычна заклікала Ксенія Андрайчук (6 “А”). І хаця “пакаленне next” больш ахвотна выкарыстоўвае “электронны рэсурс”, многія празаічныя выступленні грунтаваліся на кнігах.

Аляксандр Верас (10 “А”, Лунінец) расказаў пра жыццё свц. Філарэта, мітрапаліта Маскоўскага – духоўнага настаўніка Аляксандра Пушкіна. Факты са сферы мас-медыя ў ХІХ стагоддзі прывяла Аліна Семянюк (7 “А”, Лунінец), разгледзеўшы “Епархіяльныя царкоўныя ведамасці” як агульнанацыянальны помнік культуры. Кранальную назву – “Востраў міласэрнасці. Шляхі любві” – мела праца Яны Яцухна (10-ы, Ельск) аб цудадзейнай Юравіцкай іконе Божай Маці. “Чаму мы не размаўляем на беларускай мове?” – пытанне стала заклікам у эмацыянальнай Таццяны Лявонавай (8-ы, Ельск). Аб сыне лінгвіста – доктары сацыяльных навук Алегу Мікалаевічу Анцукевічу – расказаў Арцём Сыцэвіч (9 “А”, Лунінец). З жыццёвым і творчым шляхам Уладзіслава Нядзведскага пазнаёмілі Марына Хвісцік і Дар’я Макаед (11-ы, Мікашэвічы). У 1947 годзе будучы паэт бачыў Якуба Коласа на сустрэчы з выбаршчыкамі. Ушанаванню архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Сцяфанам памяці аб народным песняры прысвяціла выступленне “Уладыка і Пясняр” Вераніка Макаловіч (10 “А”, Лунінец).

Другі дзень чытанняў – гісторыка-краязнаўчы – быў прысвечаны агульнай для краін СНД даце: “1917-2017: вынікі стагоддзя”. Наступствы Першай сусветнай і рэвалюцыі – Грамадзянская вайна прымусіла Мікалая Анцукевіча пакінуць малую радзіму. Яшчэ больш кровапралітнай была Другая сусветная, загубіўшая мільёны людзей… Калі пра вайну забываюць – пачынаецца новая. Юныя даследчыкі пацвярджалі шчырае жаданне міру. Праект “Трыста год разам, ці Старонкі яўрэйскай гісторыі Лунінца” прадставілі Юлія Канапацкая, Кірыл Касцючэнка, Дар'я Міранюк, Ганна Сарока, Таццяна Прыбаровіч, Аляксандра Туркевіч (8-ыя класы, Лунінец). Лёсы мясцовых “остарбайтараў” прасачыла Кацярына Скіба (11 “Б”, Лунінец). Дакументальныя сведчанні “дзяцей вайны” сабраў Максім Дубейка (11-ы, Мікашэвічы). Гісторыяй устаноў адукацыі нашага горада зацікавілася Юлія Канапацкая (8 “А”, Лунінец). Аб працы ў школе на Залессі настаўнікам матэматыкі будучага славутага авіяканструктара Паўла Сухога нагадалі вучні 6-га класа. Малавядомыя старонкі гісторыі свайго краю даследаваў Мікіта Іваноў (10-ы, Ельск). Праект “Хто ёсць хто?” прадставіў пісьменніка Мікалая Калінковіча, першых музыкантаў Аляксея і Аляксандра Матэусаў, мастакоў братоў Георгія і Міхаіла Ішчанкаў, марафонца Мікалая Адамчыка, спявачку царкоўнага хору Ксенію Бесан, паэтку Вольгу Аляшкевіч. Пра вядомых лунінчан расказалі Вольга Заляшчук, Ірына Грушэўская, Святлана Калесніковіч, Насця Шчагрыковіч, Кацярына Рудовіч (10 “Б”, Лунінец).

Дарослыя “нагружаюць” дзяцей інфармацыяй, а дзеці проста прагнуць гуляць. Гульні былі і асаблівыя – інтэлектуальныя, і рухомыя – спартыўныя. Лунінецкія гімназісты дэманстравалі ўдзельнікам мастацкія здольнасці. Пасля вечара дружбы госці з Ельска шкадавалі толькі аб тым, як мала два дні на наведванне Лунінца. Многія мараць прыняць удзел у профільным летніку, што традыцыйна арганізоўваецца ў нашай гімназіі ў чэрвені…

На ўрачыстым закрыцці чытанняў дырэктар Аляксандр Аляксандравіч Грушэўскі падзякаваў удзельнікам і ўручыў дакладчыкам дыпломы памяці Мікалая Анцукевіча. Ганаровыя госці чытанняў – паэт Іна Фралова і пісьменнік Сяргей Трахімёнак – дарылі кнігі са сваімі аўтографамі. Імянныя прызы ўручылі настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) іерэй Сергій Крышталь, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Уладзімір Іванавіч Жураўлёў, ветэран вайны ў Афганістане Яфім Аляксандравіч Кірзнер. На памяць кожнай установе адукацыі застанецца падборка літаратуры, якую перадала дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Васільеўна Кішкевіч. Дзякуючы гімназістам, пашыраецца кола прыхільнікаў вядомага лінгвіста, які сваёй працай увекавечыў наш горад…

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Сяргея Ільіна.

Комментарии