Сямейная рэліквія

Як паведамлялі, пераможцай раённага конкурсу сачыненняў “Сямейная рэліківія” стала 10-класніца СШ №3 г. Лунінца Аня Жук. На летніх канікулах дзяўчына адпачывае ў санаторыі. Днямі настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” протаіерэй Сергій Крышталь уручыў узнагароду яе бацьку – ветэрану Узброеных Сіл Міхаілу Жуку.

Прапануем да чытання сачыненне пераможцы.
Армейскі выраб
У нас дома за шклом у шафе стаіць невялікая іконка. На ёй адлюстравана Багародзіца, напісаная алейнымі каляровымі фарбамі на латуннай пласціне. Абраз “апрануты” ў медны аклад.
Спытала ў бацькоў, як незвычайная ікона апынулася ў нашым доме. Адказаў тата. Аказваецца, 35 год таму тэрміновую службу ў арміі ён праходзіў у горадзе Востраў паблізу Пскова. Гэтыя мясціны славяцца старажытнымі храмамі і манастырамі. Намоленасць наваколля не магла не паўплываць на светапогляд маладога салдата. Валодаючы мастацкімі здольнасцямі, у той час ён захапляўся чэканкай. Узяў за аснову абраз Божай Маці Казанскай і вырабіў ікону кішэннага памеру, каб заўсёды насіць з сабой. Усвядоміў, што ў атэістычны час лепш не дэманстраваць прыхільнасць царкоўнай рэчы. Спрацавала і кемлівасць: адправіў ікону ў Лунінец сваёй маме, каб асвяціла ў храме.
Настаяцель Крыжаўзвіжанскай царквы айцец Мікалай Яноўскі прыемна здзівіўся, што малады салдат з благавеннем ставіцца да духоўных запытаў. Свяшчэннік пакрапіў абраз святой вадой. Бабуля адправіла яго сыну ў армію: “Няхай вырабленая табой ікона і аберагае цябе”. Яна была з татам усю службу, а пасля вяртання дамоў засталася сямейнай рэліквіяй.
Ікона выглядае вельмі прыгожа. Нягледзячы на час, алейныя фарбы засталіся такімі ж яркімі. Медны аклад зіхаціць у промнях сонца. Калі гляджу на абраз, думаю, што Багародзіца – гэта нябесная заступніца нашай сям’і…   
Аня ЖУК, 10-ы клас СШ №3 г. Лунінца
(настаўніца Таццяна Пятроўна Шкут).

Комментарии