…І кветак заклік: “Беражыце мір!”

Ва ўрочышчы Баханова, на месцы масавых расстрэлаў перыяду нямецка-фашысцкай акупацыі, лунінчане насыпалі Курган Бессмяротнасці, урачыста адкрыты 9 мая 1967-га.

Праз 50 год напярэдадні 22 чэрвеня тут у чарговы раз сабраліся прадстаўнікі грамадскасці. Вучні СШ №1 і СШ №2, гімназіі г. Лунінца, якія цяпер адпачываюць у аздараўленчых лагерах, правялі акцыю міласэрнасці “Марш жыцця” і ўшанавалі памяць ахвяр фашызму пералічэннем устаноўленых імёнаў. Мартыралог складаецца з 89-ці вядомых на сёння прозвішчаў закатаваных партызан, падпольшчыкаў, мірных жыхароў. Між тым, былая Бянзінка стала брацкай магілай 4474 загінуўшых байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, лясных мсціўцаў, нашых землякоў – дарослых і дзяцей. Належыць працягваць пошукавую работу, каб спраўдзіць усімі ўсведамляемую ісціну: нішто не забыта – ніхто не забыты. Аб гэтым гаварылі супрацоўнікі раённых аддзелаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі і ўнутраных спраў, кіраўнікі мясцовых арганізацыій Беларускіх саюзаў – афіцэраў і былых “афганцаў”, прафкама лакаматыўнага дэпо, савета ветэранаў вайны і працы чыгуначнага вузла.

Каб памяць загінуўшых перадавалася “з роду ў род”, маліліся свяшчэннікі – Іаан Пятрэнка (Свята-Параскевінскі храм в. Бастынь) і Сергій Крышталь (храм іконы Божай Маці “Взыскание погибших” г. Лунінца). Да падножжа кургана і пастамента крыжа-звона былі ўскладзены кветкі шчодрага лета. На жаль, засохла адна бяроза, але навокал прыцягваюць увагу жоўтым дываном расцеленыя па зялёнай траве сухацветы. Па-русскую іх назва вельмі сімвалічная – “бессмертники”…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Юрыя Уладзімірава.

Комментарии