“Мае маленькія памочнікі!”

Так протаіерэй Сергій Крышталь звярнуўся да выхаванцаў нядзельнай школы і падзякаваў дзецям, што… прыводзяць у царкву бацькоў.
Урачыстасць з нагоды новага навучальнага года ў храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” пачалася з тэатралізаванай пастаноўкі. Гэта быў незвычайны ўрок, які мастацкімі сродкамі вучыў юных гледачоў быць паслухмянымі, дапамагаць іншым у складаных сітуацыях, раскайвацца ў памылках. Разам з настаўніцай Нінай Сямёнаўнай Ільючык дзеці засяродзілі ўвагу на дакладных вывадах з убачанага.
У групах (малодшага ўзросту, сярэдняга і старэйшага) выкладаюць таксама Ірына Мікалаеўна Крышталь, Наталля Сіманаўна Ярмольчык, Святлана Фёдараўна Карпінская, Ірына Аляксандраўна Моўчан. Дзеці ўручылі кветкі педагогам і, у сваю чаргу, былі пачаставаны салодкімі ласункамі. А самы каштоўны падарунак атрымалі ад бацюшкі – ікону прападобнай Еўфрасініі Полацкай з пажаданнем наталення ведамі ў нядзельнай школе, дзе выхоўваюць без ацэнак, і поспехаў у вучобе ў звычайных установах адукацыі.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии