«Веры тонкая свеча…»

Праект “Дзень Анёла” ў інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) прысвяцілі Настаўніку з вялікай літары.


Емяльян Емяльянавіч Кірыковіч (1917-2001) выкладаў матэматыку і нямецкую мову ў СШ №2 і СШ №3, шэрагу школ раёна. Паважанаму педагогу сёлета было б 100 год… На сустрэчы памяці прысутныя падзяліліся ўспамінамі аб чалавеку, важным у жыцці многіх. Ветэраны педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова і Валянціна Васільеўна Валько прыгадалі, як успрымалі Емяльяна Емяльянавіча, будучы спачатку яго вучаніцамі, а пасля – калегамі. Адзначаючы высокі прафесіяналізм выкладчыка, усё ж больш спыняліся на асабістых якасцях, якіх сёння так не хапае сучаснаму грамадству. Знешне – галантнасць і ветлівасць у адносінах да людзей, не залежна ад іх сацыяльнага статусу і ўзросту. Унутрана – чалавечая годнасць і глыбокая вера, якую захаваў нават у час жорсткага атэізму…
У царкоўным календары сем раз адзначаецца дзень святога, у гонар якога названы Е.Е. Кірыковіч, у тым ліку ў ліпені – месяцы яго нараджэння. Праглядзелі відэафільм пра мучаніка Еміліяна Дарастольскага, які аддаў жыццё за Іісуса Хрыста. У выкананні ветэрана працы медустаноў Ірыны Арсеньеўны Прыгодзіч прагучала песня “Веры тонкая свеча на ветру горит”, пранікнёныя словы якой быццам занатавалі лёс легенды лунінецкай адукацыі... 
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.      

Комментарии