Жыць у гармоніі з сабой

заклікаў настаяцель храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” у Лунінцы протаіерэй Сергій Крышталь, які правёў сустрэчу ў раённым ваенным камісарыяце.
Шматвекавая гісторыя нашай краіны сведчыць, што праваслаўе заўсёды з’яўлялася падмуркам менталітэту беларускага народу і яго мужных воінаў – абаронцаў Айчыны. Вось чаму такой важнай справе, як вяртанне да духоўных каштоўнасцей, хрысціянскіх традыцый, надаецца ўвага на самым высокім узроўні. Рэалізацыя пагаднення паміж Міністэрствам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой прадугледжвае ўзаемадзеянне праз патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне ваеннаслужачых, сацыяльна-псіхалагічную работу.
Прадстаўляючы госця, ваенны камісар Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў Уладзімір Жук падкрэсліў, што айца Сергія ведаюць многія. Свой расказ бацюшка пачаў з кур’ёзнага выпадку, які здарыўся з ім у недалёкім мінулым і меў дачыненне да вайсковай службы. Разрадзіўшы атмасферу, свяшчэннаслужыцель звярнуў увагу на сур’ёзныя рэчы ў жыцці з дапамогай некалькіх прытчаў. У прыватнасці, параіў любую інфармацыю, якую чалавек перадае іншым, прасейваць тройчы: праз сіта праўды, дабрыні і карысці. Акрамя таго, прадстаўнік духавенства прыгадаў, што калі ён толькі закончыў семінарыю і яго накіравалі служыць у Ганцавічы, то меў вялікую мару – купіць 5-томнае выданне “Добротолюбие”. 

Яно змяшчае выслоўі святых айцоў і вучыць чалавека маральнаму ўдасканаленню. Жаданую пакупку пашчасціла ажыццявіць з першай зарплаты. Адкрыўшы кнігу, на вочы трапіла фраза. Маўляў, той, хто хоча пачаць весці духоўны лад жыцця, павінен, перш за ўсё, прасіць у Бога дара разважання. На жаль, часта здараецца так, што людзі не займаюцца аналізам праблемных сітуацый і па гэтай прычыне пакутуюць. Але да куды большых памылак прыводзіць адсутнасць у душы міру і гармоніі. Вось чаму вельмі важна быць унутрана спакойным і разважлівым. Таксама госць вёў гутарку пра мір і парадак у краіне, уменне дамаўляцца, слухаць і чуць іншага субяседніка, знаходзіць кампраміс. Пажадаўшы як мага менш асуджаць ці гневацца на іншых, айцец Сергій заклікаў жыць з мірам у душы.
Падобныя сустрэчы плануецца праводзіць рэгулярна.
Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Комментарии