Калядныя сустрэчы

Штогод 7 студзеня вучні нядзельнай школы храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) запрашаюць бацькоў і прыхаджан на каляднае прадстаўленне.

У дзень Нараджэння Хрыстова зала інфармацыйна-асветнага цэнтра ледзь змясціла ўсіх жадаючых паглядзець тэатралізаваную біблейскую гісторыю. Настаяцель протаіерэй Сергій Крышталь павіншаваў прысутных з вялікім святам, падзякаваў настаўніцам нядзельнай школы за дабрачынную працу на карысць падрастаючага пакалення. Потым дарослыя і дзеці разам захапляліся натхненнем юных выхаванцаў, якія паказвалі цудоўную гісторыю аб паяўленні на свет Боганемаўляці і прысвячалі Яму сваю творчасць.

Калядныя падарункі здольным маленькім акцёрам падрыхтаваў індывідуальны прадпрымальнік Міхаіл Міхайлавіч Цыганкоў, якому шчыра дзякуюць настаяцель і прыхаджане.

Расказваючы аб калядных уражаннях, айцец Сергій адзначае і сустрэчу з 9-гадовым Цімурам (у хрышчэнні Цімафей) Касачом, які разам з татам наведаў храм у святочныя дні. Хлопчык мае статус дзіцяці з асаблівасцямі, але ўражвае сур’ёзным разважаннямі і інтэлектуальным развіццём. Сам сябе ён жартоўна называе “прафесарам 88-га ўзроўню”. Айцец Сергій гаворыць, што яму вельмі падабалася гутарыць з юным прыхаджанінам і ён зноў чакае хлопчыка ў храме. Бацюшка папрасіў:

–Раптам хлопчык зазірне на наш сайт? Перадайце Цімафею прывітанне асабіста ад мяне!

І яшчэ аб адной радаснай сустрэчы паведаміў свяшчэннік. 9 студзеня, у дзень першамучаніка Сцяфана, на Боскай літургіі ў храме прысутнічалі выхаванцы дзіцячага садка №12 разам са сваёй выхавацельніцай. Айцец Сергій спадзяецца, што наведванне храма ў калядныя святы запомніцца дзецям і стане для іх духоўнай патрэбай.



Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии