“Дзяўчынка-свята”

Так у СШ №1 г. Лунінца называюць Юлію Брэзіну, якую ў калядныя святы наведаў настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) протаіерэй Сергій Крышталь.

Юля перасоўваецца на інваліднай калясцы і таму навучаецца на даму. Гэта не перашкаджае ёй быць адной з лепшых вучаніц 6-га класа – сярэдні бал ацэнак складае 9,1. Адначасова з прагай ведаў захапляецца столькімі цікавымі справамі, што служыць прыкладам і фізічна здаровым дзецям! Юля займаецца ў гуртках Цэнтра дзіцячай творчасці, дасягае поспехаў у мастацкай лепцы і маляванні. Створаныя юнай мастачкай насценгазеты па тэме “Здаровы лад жыцця” станавіліся прызёрамі конкурсаў! У школе імкнуцца, каб здольная вучаніца была інтэгрыравана ў вучнёўскае грамадства. Каб Юлія магла наведваць асобныя прадметы, па якіх не мае заняткаў дома, 6-ы клас перавялі на першы паверх, уваходныя прыступкі абсталявалі пандусам. На класнай гадзіне “Ад сэрца да сэрца” дзеці захапляліся незвычайнымі танцамі – Юля зачароўвала прыгожымі рухамі рук, а яе стрыечная сястрычка дапамагала перасоўваць каляску і сама кружылася ў бальных “па”. Аднакласнікі вельмі любяць наведваць Юлю дома – дарэчы, дзяцей тут гасцінна сустракаюць, заўсёды частуюць чаем з ласункамі.

Дырэктар СШ №1 г. Лунінца Галіна Уладзіміраўна Грамыка просіць адзначыць асаблівую ролю мамы, якая цалкам прысвяціла сябе сваёй дачушцы:

–Наталля Уладзіміраўна – гэта сапраўды Мама з вялікай літары. Зразумела, найпершы клопат – пра здароўе дзяўчынкі. З дапамогай мамы Юлія пастаянна наведвае паліклініку, лечыцца ў рэабілітацыйных цэнтрах, выязджае на кансультацыі да самых высокакваліфікаваных медыкаў. Але і грамадская запатрабаванасць Юліі – гэта таксама заслуга яе мамы. Наталля Уладзіміраўна прыцягвае ўвагу сродкаў масавай інфармацыі да поспехаў дачкі. У сям’і ўжо сабраны архіў з газетных замалёвак, цэлая аўдыёвідэатэка запісаў Юліі на тэлебачанні і радыё. Жыццясцвярджальнасцю юнай лунінчанкі захапляюцца многія людзі ў нашай краіне і за яе межамі…

Слухаючы захоплены расповяд кіраўніка школы, пачынаю разумець, чаму менавіта наведванне Юліі Брэзінай выклікала асаблівыя ўражанні ў айца Сергія Крышталя, што ён нават папрасіў напісаць пра гэту мужную 13-гадовую дзяўчынку. Вядома, што яна нарадзілася здаровым немаўляцем, але праз некалькі год у выніку траўмы страціла магчымасць перасоўвацца. Свяшчэннік адзначае:

–Такія сітуацыі – істотнае папярэджанне кожнаму з нас: здароўе – гэта Божы дар, які вельмі трэба берагчы. Але пры любым здарэнні важна захоўваць сілу духу, што дапамагае пераадольваць цялесныя немачы. Усё ж жыццё – гэта бясцэнная каштоўнасць, даражэйшая за якую няма на свеце, нельга марнаваць яго на крыўды і сваркі.

Хочацца спадзявацца, што агульная бяда злучыць сям’ю Юліі ў дапамозе дзяўчынцы спраўляцца з бытавымі перашкодамі. Хаця з кожным годам усё цяжэй выносіць на руках дзяўчынку з дому (высокі ганак будаваўся, калі ўсе яшчэ былі здаровымі), але Наталля Уладзіміраўна (часам – пры падтрымцы добрых людзей) амаль штодня здзяйсняе гэты мацярынскі подзвіг...



Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии