Падарункі ад імяніннікаў

У інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) адбылася сустрэча імяніннікаў студзеня.


У царкоўным календары першы месяц года адзначаны ўшанаваннем свяціцеля Васілія Вялікага, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана і праведнага Іаана Кранштадтскага, мучаніцы Таціаны і роўнаапостальнай Ніны. Аб жыццях святых расказала лунінчанка Ірына Арсеньеўна Прыгодзіч, а відэасуправаджэнне расповяду падрыхтаваў яе муж Іван Паўлавіч. Відэасюжэтамі была праілюстравана і літаратурна-музычная старонка праграмы “Дзень Анёла”, якую прадставіла Наталля Іванаўна Казанкова. Нагадаўшы імёны папулярных і вядомых дзеячаў мастацтва, сталі знаёміцца з імяніннікамі – удзельнікамі сустрэчы. Жыццёвыя гісторыі многіх былі такімі шчырымі і пранікнёнымі, што ўразілі нават настаяцеля протаіерэя Сергія Крышталя, хаця большасць прысутных – прыхаджане храма. Імяніннікі захапілі творчымі здольнасцямі, чыталі вершы, спявалі духоўныя песні. Атмасфера зносін была прасякнута любоўю і дабрынёй, таму так натуральна прагучаў і калядны верш у выкананні гімназісткі Таццяны Прыбаровіч. Дзяўчынка віншавала імяніннікаў, а асабісты падарунак да дня анёла яна ўжо атрымала – стала пераможцам конкурсу чытальнікаў на “Калядным балі” ў СШ №2 г. Лунінца (на здымку).
Пажадаем ажыццяўлення задуманага ўдзельнікам сустрэчы, якіх можна назваць прыкладам для сучаснікаў. Быць у коле гэтых цудоўных лунінчан – ужо “свята, што заўсёды з намі”. 
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии