Радок з
аднаго з вершаў Надзеі Парчук, вынесены ў загаловак, падаўся лейтматывам
твораў, змешчаных у зборніку паэзіі “Святло няскоранай душы” (Брэст,
“Альтернатива”, 2017).
Апошнім часам, засяроджаная на прозе (жыцця), не звяртала ўвагі на
навінкі паэтычнай творчасці. Але напярэдадні майго дня анёла брэсцкая паэтка, з
якой знаёмы толькі па перапісцы, даслала сваю новую кнігу з выявай цудоўнага
храма на вокладцы і шчырым аўтографам. Другі зборнік Надзея Мікалаеўна
пераслала храму іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”),
а ў лісце зрабіла прыпіску: “Пастаўце, калі ласка, свечку перад храмавай
іконай”...
З першых жа старонак захапіла паэтычнае занатоўванне імя вялікамучаніка
Георгія Перамоганосцы. У мяне ёсць асабістыя прычыны з асаблівай пранікнёнасцю
адносіцца да гэтага святога. Яго імя шануецца чатыры разы ў год. У свой час пашчасціла
наведаць храм у горадзе Лод (ранейшыя назвы Лідда і Георгіяпаль – Ізраіль), асвячаны
ў гонар абнаўлення (16 лістапада). Вандравала па Грузіі, нябесная ахоўніца якой
– роўнаапостальная Ніна – назвала краіну імем свайго сваяка, Георгія
Перамоганосцы (тут 23 лістапада прыгадваюць калесаванне святога). У нашым раёне
захавалася старэйшая на Усходнім Палессі драўляная царква ў Сінкевічах
(датуецца 1724 годам, да 280-годдзя падзеі выпушчана марка з выявай храма), дзе
святкуюць 6 мая (на жаль, сціпла, таму што пабудова мае патрэбу ў рэстаўрацыі).
Сапраўдная ўрачыстасць, часта – з удзелам архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага
Сцяфана, адбываецца 9 снежня ў Ражства-Багародзічным храме старажытнай Лахвы,
дзе калісьці быў і Свята-Георгіеўскі храм (у гэты дзень шануецца памяць асвячэння
аналагічнай царквы ў Кіеве).
У кожнага – свае гісторыі, звязаныя з вялікамучанікам Георгіем
Перамоганосцам. Са сваёй уласнай, не падобнай на іншыя, цікавай і пазнавальнай,
у прадмове пад назвай “Непераможная любоў” знаёміць Надзея Мікалаеўна. І тут жа
змяшчае першы верш, выкліканы “Житием святого Николая Чудотворца” – пасля
чытання, як адзначае аўтар кнігі, “нечакана адзін за адным паліліся
спавядальныя, малітвенныя радочкі”.
Малітоўнасцю вызначаецца і паэма, якая дала назву зборніку. У Надзеі
Парчук – лёгкі літаратурны стыль, які набліжае паэтычны пераклад жыцця
вялікамучаніка Георгія Перамоганосцы да народнага сказання. З асаблівым
замілаваннем аўтар малюе і вобраз царыцы Аляксандры, дзень нараджэння якой у
вечнасці таксама святкуецца 6 мая:
…Душа ад
цела адышла,
Галубкай
выпархнула ўгору.
У паэме не адлюстравана мова царыцы Аляксандры, але шмат дыялогаў іншых
дзеючых асоб. Асабліва прыцягваюць прамовы Георгія, які нагадвае вечныя
біблейскія ісціны. У свой апошні зямны час ён звяртаецца да Госпада з
удзячнасцю за ўсё і просіць толькі за іншых – словамі Іісуса Хрыста:
“…Даруй
мучыцелям маім –
Яны не
ведаюць, што твораць”.
Думаю, што гэта прастамоўнасць асабліва наблізіць кнігу да дзяцей –
выхаванцам нядзельных школ лягчэй будзе ўспрымаць вобраз святога не праз афіцыйнае
“Житие…”, а праз паэму, праз асобныя вершы, якія сабраны ў раздзеле “Духоўная
паэзія”. Яны таксама просяцца да выкарыстання на духоўных занятках не толькі
для дзяцей, але і дарослых (напрыклад, паэтычны зборнік з задавальненнем
прачытала мая мама). Асабліва запатрабаванымі і ў звычайных установах адукацыі,
дзе цяпер шмат увагі надаецца пытанням нацыянальнага адраджэння, будуць
прысвячэнні нябесным ахоўнікам Беларусі – Еўфрасініі Полацкай, Сафіі Слуцкай,
Афанасію Брэсцкаму.
Ад верша “Новы запавет”, які вызначаецца асабістай аўтарскай пазіцыяй, “зорачкамі”
аддзелены наступны, зусім новы (як пазней удакладніла аўтар, верш з іншай
тэматыкай, яго можна было б назваць “Просьба”). Мне ж абодва творы падаліся
злучанымі адной тэмай.
У першым, нават не ўзятым у двукоссе, – адлюстраваны зварот Іісуса
Хрыста, які адзіны – учора, сёння і заўтра (але і за два тысячагоддзі далёка не
ўсімі ўспрынята мэта яго дзейнасці: “Прапаведаваў скрозь дабро…”). Другі
верш – гэта, безумоўна, запавет самой Надзеі Парчук, якая і дзеліцца патаемным:
“…Мне
заўсёды хацелася б слухаць –
Цішыню,
што між зораў звініць…”,
і ўражвае бязмежнай шчырасцю:
“Я
насустрач адкрыю душу –
Хай
натоліцца радасцю гэтай!”.
А “радасць” – гэта і прырода (“Белы ранак”), і звычайныя
царкоўныя паслушанні (“Званар”), і спрадвечныя святы (“У Спасаў дзень”). І
кожны верш (нават не названы, як гэты – “Малітва”) заклікае і настойвае:
…Просіць
сэрца: памаліся!
І тут жа (“Залежнасць”) даецца тлумачэнне гэтай просьбы:
Жывём
датуль на белым свеце,
Пакуль у
ім хаця б адна
Душа за
нас прад Богам недзе
Малітву
шэпча дапазна…
У гэтым вершы – бязмежная ўдзячнасць нашым бублям і нашым матулям, што
раней за нас усвядомілі прапісныя ісціны, выйшлі на сваю “дарогу да храма”…
Праўда, мая, нібыта ачышчаная слязьмі душа, спатыкнулася на завяршэнні
– вершы з трох чатырохрадкоўяў. Чаму аўтар звяртаецца да “зламыснікаў
крывавых”? Запамінаецца ж апошняе слова. Так і хацелася параіць Надзеі
Мікалаеўне: няхай бы зборнік завяршаўся першай страфой з заклікам “Паклон
наш зямны і хвала” таму, “Хто Творца жыцця і сусветнай прыроды”!
Прымірыў з аўтарам “Эпілог”, які таксама заканчваецца вершам:
…Навучы,
Божа, верыць і сэрцам любіць,
І Табе,
Дабрадаўцу, маліцца!..
І ў апісаннях зямной прыгажосці, і ў шчырых зваротах, і ў філасофскіх
разважаннях Надзея Парчук захоўвае малітоўны настрой сваёй творчасці, які і
адпавядае вызначэнню “сапраўднага паэта”.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.
Комментарии
Отправить комментарий