Трайное свята

Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан узначаліў Боскую літургію ў храме іконы Божай Маці “Взыскание погибших”.

Урачыстае асвячэнне храма адбылося 5 год таму – 16 лютага 2013-га. Сёлета першая “пяцігодка” новай лунінецкай царквы адзначалася ў прастольнае свята 18 лютага, якое прыпала на Даравальную нядзелю.

Сярод мноства дарослых і юных прыхаджан асаблівае пачуццё выпрабоўваў маленькі Ваня Некрашэвіч. Пяць год таму ён быў пад сэрцам мамы, якая знаходзілася ў ліку прыхаджан пры Чыне Асвячэння новага храма Лунінца. Малыш расце з гонарам за двух старэйшых братоў, якія прыслужваюць свяшчэнніку ў алтары. Усхваляваная Алена Некрашэвіч дзякавала Уладыку Сцяфану і протаіерэю Сергію Крышталю за духоўную падтрымку.

Шчырыя словы віншавання і падзякі архіерэю і настаяцелю выказалі дырэктар ПУВП “Вікторыя” Таццяна Удавенка, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Таццяна Шпак, прадстаўнікі лунінецкіх гімназіі і СШ №1, сельгаскаледжа, рэгент кліраснага хору Алена Кавалевіч. У падарунак прыходу перададзены “Летапіс храма на старонках раённай газеты “Лунінецкія навіны” (гэта 50 публікацый з моманту ўтварэння прыхода ў 2006 годзе і больш як 350 – за пяць год дзейнасці асвячанага храма).

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Тамары СОЦ.

Комментарии