А песні спявала дырэктар!

Навучэнцы Лунінецкай гімназіі наведалі г. Ельск Гомельскай вобласці, дзе прынялі ўдзел у творчых спаборніцтвах сярод каманд 12-ці ўстаноў адукацыі з розных раёнаў.

Суседні рэгіён прадстаўлялі гімназіі гарадоў Хойнікі, Петрыкаў, Наровля, а з Мазыра былі не толькі навучэнцы гімназіі імя Янкі Купалы, але і трох школ (№№12, 15, 16), таксама як і мясцовых. Лунінчане былі адзінымі “замежнікамі”, таму, жартуюць, іх прымалі з асаблівай цеплынёй.

Традыцыйныя Свята-Іаанаўскія чытанні, што праводзіць Ельская гімназія, сёлета адбываліся ў 7-ы раз (4-ы – з удзелам юных лунінчан). Ва ўстановах адукацыі Гомельшчыны ўведзены прадмет “Асновы праваслаўнай культуры”. Адпаведна ў алімпіядах па ім прымаюць удзел навучэнцы з 1-га па 8-ы класы (пераможцы вылучаюцца на абласны ўзровень). Для пачаткоўцаў і 7-9-класнікаў былі праведзены краязнаўчыя турніры. Магчыма, нам складана было б выставіць знаўцаў у гэтых напрамках, а вось у конкурсе тэматычных прэзентацый і аратарскага майстэрства, упэўнена, маглі б спаборнічаць на роўных.

Наша гімназія ўзнагароджана Падзякай. З 8-мі арганізаваных секцый юныя землякі выступілі ў дзвюх. У інтэлектуальнай гульні “УникУм” (па-руску) актыўна ўдзельнічалі навучэнцы 10 “А” класа Ягор Гоман, Святлана Гурбановіч, Мікіта Кавалевіч, Аляксандра Урублеўская. У конкурсе творчых работ іх аднакласнікі Уладзіслаў і Сяргей Якаўцы, якія пазнаёмілі равеснікаў з творчай спадчынай вядомай лабчанкі Настассі Якавец, адзначаны Дыпломам ІІІ ступені.

–Узнагарода падпісана епіскапам Тураўскім і Мазырскім Лявонціем, – звяртае маю ўвагу кіраўнік дэлегацыі бібліятэкар Ірына Раманчук. – Чытанні адпавядаюць статусу епархіяльнага мерапрыемства. У пасяджэнні за “круглым сталом”, акрамя педагогаў і спецыялістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму на чале з яго начальнікам, прымалі ўдзел больш як дзесяць свяшчэннікаў.

Ад тых, хто раней наведваў Ельск (гэта дырэктар нашай гімназіі, завучы і педагогі), вядома пра гэтыя абмеркаванні хвалюючых пытанняў дарослымі аднадумцамі. Сёлета, як расказала І.П. Раманчук, уразіла прыцягненне да удзелу ў творчых конкурсах бацькоў з іх сынамі і дочкамі, а таксама канцэрт, падрыхтаваны настаўнікамі. Асабліва захапілі спевы дырэктара гімназіі Любові Іванаўны Казак.

–Ездзіць да сяброў неабходна, – лічыць Ірына Пятроўна. – Кожны раз бачым новае і цікавае. Ёсць што пераймаць!

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота з архіва Лунінецкай гімназіі.

Комментарии