Духоўнае выхаванне – з дзіцячага садка

Такую прапанову выказалі ўдзельнікі VІ Свята-Кірыла-Тураўскіх педагагічных чытанняў, якія праведзены на базе СШ №2 г. Мікашэвічы.

Школа вядома ў раёне паспяховай работай у прававым напрамку, аб чым цікава расказала намеснік дырэктара Іна Іванаўна Ярмольчык. Сваім удзелам сустрэчу блаславіў настаяцель храма Нараджэння Іаана Прадцечы г. Мікашэвічы протаіерэй Сцяфан Масяйчук. Фотаімгненні чытанняў адлюстраваў іерэй Аляксандр Барысаў – настаяцель храма Казанскай іконы Божай Маці, што будуецца ў в. Рэдзігерава. Вядучая – актывіст раённагаа савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова заклікала сучаснікаў даследаваць невядомыя старонкі гісторыі роднага краю. Прыкладам такой работы стала выступленне бібліятэкара СШ №1 г. Мікашэвічы Ліліі Даміраўны Віўдэнка – яна адкрыла для навакольных жыццё свяшчэнніка Сцяфана Самуйліка (1901-1978), які ў свой час узначальваў прыходы ў Мікашэвічах і Сінкевічах. Аб духоўнай дзейнасці мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа Сямашкі (1798-1868), які ў гісторыі Беларусі застаўся ўладыкам-уз’яднальнікам, паведаміў кандыдат багаслоўя, прэс-сакратар Пінскай епархіі, настаяцель Альшанскага прыхода Столінскага благачынія іерэй Іаан Гарбуноў.

Свяшчэннік разам з настаўніцай гісторыі школы-гаспадыні Тамарай Мікалаеўнай Жалняровіч узначаліў секцыю “Праваслаўе ў сучасным свеце”, у якой працавалі выкладчыкі замежных моў. З бібліятэкарамі вышэй указаная Л.Д. Віўдэнка і настаяцель храма Нараджэння Багародзіцы протаіерэй Валерый Скрабец абмяркоўвалі духоўныя пытанні ў медыа-прасторы. У секцыі “Сям’я – гэта малая царква” з настаўнікамі пачатковых класаў гутарылі намеснік дырэктара Дзятлавіцкай СШ Ірына Міхайлаўна Молчан і памочнік благачыннага па сацыяльнай рабоце, настаяцель храма Новамучанікаў і Спаведнікаў Беларускіх в. Красная Воля іерэй Аляксій Ільючык. На праблемах праваслаўнага краязнаўства ўвагу выкладчыкаў геаграфіі засяродзілі намеснік дырэктара СШ №2 г. Лунінца Наталля Вітальеўна Бойка і кандыдат багаслоўя, памочнік благачыннага па місіянерскай рабоце, настаяцель Спаса-Прэабражэнскага храма в. Язвінкі протаіерэй Сергій Чыж. Шэраг важных прапаноў выказалі намеснікі дырэктараў школ і загадчыкі дзіцячых садкоў, якія працавалі ў секцыі “Культура як мост да духоўнасці”. Іх падтрымалі доктар багаслоўя ІІ ступені, памочнік благачыннага па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, настаяцель храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” протаіерэй Сергій Крышталь і метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Марына Міхайлаўна Грушэўская, якая падвяла вынікам традыцыйнай сустрэчы.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии