“Іхвіс” – прыклад гарманічнай адукацыі

У Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску адбыўся рэспубліканскі семінар “Нядзельная школа сёння: вучэбныя дапаможнікі і метады работы”.
Удзельнікамі нарады сталі настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) протаіерэй Сергій Крышталь і матушка Ірына. Маючы, акрамя вышэйшай медыцынскай, і педагагічную адукацыю, Ірына Мікалаеўна разам з яшчэ чатырма настаўніцамі працуе ў нядзельнай школе. Яна з захапленнем расказала аб наведванні абіцелі, манастырскіх храмаў, выставы “Нябеснае воінства Цара нябеснага” (прысвечанай подзвігам Новамучанікаў і спаведнікаў). Уразіла і праца прыватнай установы адукацыі “Іхвіс”, што вядома сярод праваслаўных вернікаў Беларусі як дзіцячы сад і сярэдняя школа са стварэннем умоў для гарманічнага развіцця асобы дзіцяці, набыцця імі сапраўдных духоўна-маральных арыентыраў. У афіцыйнай частцы былі прадстаўлены вучэбныя дапаможнікі для нядзельных школ.

–Прызнацца, спачатку думала, што ўзровень праваслаўных устаноў адукацыі, на прыкладзе якіх ствараліся кнігі, – недасягальны для нашай нядзельнай школы, – усміхаецца Ірына Мікалаеўна. – Але зносіны з калегамі і практычная работа з праектам метадычнага дапаможніка пераканалі, што лунінецкія настаўнікі – на правільным шляху. Асабліва цікавым быў майстар-клас ад кіраўніка тэатральнай студыі пры садзе-школе “Іхвіс”. Мы таксама стараемся перадаваць духоўныя асновы праз элементы творчасці і гульні, што вельмі падабаецца дзецям.

Вынікі рэспубліканскай сустрэчы падвёў уладыка Веніямін (Тупека), епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі. Вопыт работы свяшчэннікаў і педагогаў найбольш грунтоўных нядзельных школ рэкамендаваны для пераймання ва ўсе прыходы.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии