Вялікдзень – свята ўсенароднае

Гэта падкрэсліў VI велікодны фестываль “Ликование”, у якім, з блаславення Архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана, Уваскрэсенне Хрыстова славілі прадстаўнікі розных пакаленняў.


Традыцыйная сустрэча ў ГДК сабрала 144 юных і 89 дарослых удзельнікаў, якія прадставілі 7 мясцовых прыходаў. На канцэрце артыстаў падтрымлівалі 9 свяшчэннікаў, два іпадыяканы і дыякан, шматлікія гледачы. Узорны аркестр народных інструментаў ДШМ (кіраўнік Мікалай Корчык) своеасаблівым гімнам горада “Лунінецкі вальс” (салістка Марына Караваева) настроіў на праграму, прысвечаную малой радзіме. Захапіў і другі дэбютант фестывалю – народны хор “Палессе” політэхнічнага коледжу (кіраўнік Наталля Якавец). Праз усмешкі і слёзы, апладысменты і воклічы “Брава!” выступалі знаёмыя калектывы, якіх паспела палюбіць публіка. Пранікнёна спявалі калектывы са Свята-Троіцкага храма в. Велута і Свята-Нікольскай капліцы в. Люшча, храма Новамучанікаў і Спаведнікаў Беларускіх в. Красная Воля. Усеагульнае захапленне выклікалі юныя спевакі храма Ражства Багародзіцы в. Лахва. Прадстаўніца гэтага ж прыходу – загадчыца Азярніцкага СК Наталля Бярозка – была вядучай фестывалю. Хоры і дзяцей, і дарослых прадставілі Язвінскі Спаса-Прэабражэнскі храм, Мікашэвіцкі храм Ражства Іаана Прадцечы, Свята-Крыжаўзвіжанскі храм. Велікодныя песнапенні выканалі харысты духоўных ансамбляў “Логас” (гэты ж прыход), “Любімічы” і “Мірніца” (храм іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых”. Велікодныя вершы чыталі вучні 3 “В” класа СШ №1 г. Лунінца (настаўніца Ірына Арашкевіч). Заўсёдную зладжанасць паказаў ансамбль “Планета дзяцей” СШ №2 г. Лунінца, а 11-класніцы Паліна Качаноўская, Дар’я Кіпень, Марыя Пятрэнка, Вікторыя Савіч уразілі паэтычным разважаннем аб спадзяваннях на веру і любоў. Авацыі выклікаў кожны нумар клуба спартыўнага бальнага танца “Мірыданс”.
У вершах і выступленнях рэфрэнам гучала: “Хрыстос Уваскрэс!”, а зала “едиными усты и единым сердцем” адказвала: “Сапраўды Уваскрэс!”. Землякі шчыра віталі памочніка благачыннага па рабоце з моладдзю іерэя Георгія Філіновіча, які ў гэты дзень быў удастоены духоўнай узнагароды – наперснага крыжа.
Дэпутат Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Дударга, адзначыўшы сямейную атмасферу велікоднага фестывалю, выказала падзяку ўдзельнікам канцэрту. Уладыка Сцяфан уручыў дыпломы, а потым з радасцю дарыў працяглую “фотасесію” дарослым і дзецям, жадаючым сфатаграфавацца з архіерэем.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии