Абласныя чытанні - ў Лунінцы

Сустрэча, прысвечаная пытанням духоўна-маральнага выхавання, адбудзецца на завяршэнне года, але рыхтавацца да яе лепш загадзя.

Аб гэтым ішла размова на пасяджэнні ў вучэбна-метадычным кабінеце аддзела адукацыі, спорту і турызму. У адпаведнасці з Праграмай супрацоўніцтва паміж раа і Лунінецкай благачыннай акругай створаны каардынацыйны савет на чале з загадчыкам ВМК Людмілай Мікалаеўнай Ярмаковіч (на здымку 4-ая). Метадыст Марына Міхайлаўна Грушэўская (2-ая) адзначыла:

–На карысць духоўна-маральнага выхавання даўно і плённа працуюць многія работнікі ўстаноў адукацыі. Яны актыўна ўдзельнічаюць у традыцыйных Свята-Андрэеўскіх (восень) і Свята-Кірыла-Тураўскіх (вясна) педагагічных чытаннях, спрыяюць шэрагу іншых інфармацыйна-асветніцкіх праграм. У каардынацыйны савет прапанаваны кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання, бібліятэкар Лунінецкай гімназіі Ірына Пятроўна Раманчук, намеснікі дырэктараў школ Наталля Вітальеўна Бойка (СШ №2 г. Лунінца) і Алена Аляксандраўна Стасюк (СШ в. Вулька 1).

Ад духавенства ў першым пасяджэнні савета ўдзельнічаў настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) протаіерэй Сергій Крышталь, памочнік благачыннага па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі. Па паважлівай прычыне адсутнічаў другі свяшчэннік – іерэй Алексій Ільючык, настаяцель храма Навамучанікаў і Спаведнікаў Беларускіх в. Красная Воля, які ў благачыніі адказвае за сацыяльнае служэнне. Пазней бацюшка пазнаёміўся з планам работы ў напрамку духоўна-маральнага выхавання на сёлетні і будучы навучальныя гады, што абмеркаваны на савеце. Хочацца спадзявацца, што канкрэтызацыя пытанняў будзе садзейнічаць больш грунтоўнай падрыхтоўцы да праваслаўных педагагічных чытанняў, якія Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі запланаваў на базе Лунінецкага раёна.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии