Старыя казкі аб галоўным

Тэатралізаванае дзеянне “І надышоў Вялікдзень!” стала кульмінацыяй святочнай праграмы ў нядзельнай школе храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”).

Драўляны будынак былога часовага храма ледзь змясціў усіх гледачоў, жадаючых у чарговы раз захапіцца творчасцю здольных дзяцей. Кожная група падрыхтавала свой падарунак святу Уваскрэсення Хрыстова. Малышы на чале з матушкай Ірынай Мікалаеўнай Крышталь і настаўніцай Наталляй Сіманаўнай Ярмольчык упрыгожвалі кветкамі цярновы вянец Збавіцеля. Сярэдняя група (кіраўнік Святлана Фёдараўна Карпінская) выступілі з лялечным спектаклем, папярэджваў якому верш “Анёл” у цудоўным выкананні 4-класніцы СШ №4 Сафійкі Андрэйкавец. Старэйшыя выхаванцы нядзельнай школы выканалі ролі герояў вядомай казкі Аляксандра Волкава “Чараўнік Ізумруднага горада”. Праўда, перанеслі іх у наш час і нават прымусілі несці кулічы і фарбаваныя яйкі на велікоднае асвячэнне. Калі ж расшыфравалі таямнічыя літары, якія абазначалі словы “Хрыстос Уваскрэс”, Страшыдла, Дравасек, Леў раскаяліся і духоўна пераўтварыліся – замест меркантыльных мэтаў сталі прасіць у Бога надзяліць іх дабрынёй і міласэрнасцю. Хочацца спадзявацца, што з дапамогай настаўніцы Ніны Сямёнаўны Ільючык (і рэжысёра спектакля Наталлі Іванаўны Казанковай) падлеткі ўжо ўсвядомілі каштоўнасць маральных якасцей і пераконваюць у іх равеснікаў.

Ад імя расчуленых гледачоў настаяцель храма протаіерэй Сергій Крышталь шчыра падзякаваў дзецям і ўручыў ім велікодныя падарункі.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии