ТРЫ ІМЯНІННІКІ АДНАГО ДНЯ



У храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) 18 ліпеня заўсёды святкуецца дзень прападобнага Сергія, ігумена Раданежскага.
Пасля літургіі вернікі кветкамі і падарункамі віншавалі настаяцеля храма з імянінамі, спявалі “Многая лета” бацюшку. Выказаўшы ўдзячнасць, протаіерэй Сергій Крышталь падзяліўся шчырым расповядам:
Месцам жыхарства адной з маіх прыхаджанак стала замежжа. Яна часта піша мне на электронную пошту, і свае лісты заканчвае такімі словамі: “Кожную нядзелю спяшаюся ў храм і ў думках не спыняюся дзякаваць вам, што настроілі мяне на сустрэчу з Богам…”. А вось другі выпадак. Праз прыкметны адрэзак часу ў храме паявілася дзяўчынка, якая ішла да прычасці так неахвотна, што нават маме давялося падштурхоўваць. Я схіліўся да яе і нагадаў: “Памятаю, мама прыносіла цябе на руках, а на прычасці ты звычайна закрывала вочкі…”. Нават не думаў, што гэта выкліча шчыры водгук! Дзяўчынка зашаптала мне на вуха: “Калі вы так радуецеся, кожную нядзелю буду прыходзіць у храм”. У мяне вочы павільготнелі ад слёз… Вось і вам, дарагія прыхаджане, з удзячнасцю хачу сказаць, што самым дарагім для мяне падарункам будзе ваша наведванне храма.
Малітвы да святога Сергія Раданежскага больш як 700 год дапамагаюць вернікам перадольваць жыццёвыя выпрабаванні. 
У наш час 18 ліпеня святкуецца і памяць прападобнамучаніц вялікай княгіні Елісаветы і інакіні яе Варвары, якія былі праслаўлены ў канцы ХХ стагоддзя. Гэтыя імёны айцец Сергій даў дзвюм з трох сваіх дочак. Ліза і Вара радаваліся цёплыні пачуццяў, якія вернікі адрасавалі іх тату, і прымалі такія ж шчырыя пажаданні ў дзень агульных імянін.    
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии