У храме в. Багданаўка адбыўся малебен. Настаяцелю протаіерэю Мікалаю Вабішчэвічу саслужылі протаіерэй Валерый Скрабец (Лахва), протаіерэй Сергій Чыж (Язвінкі), іерэй Аляксандр Вабішчэвіч (Мокрава). З пажаданнямі плённага і спрыяльнага адпачынку юным паломнікам уручаны духмяныя караваі.
З задавальненнем змагалася на роўных цудоўная сямёрка. Шмат узнагарод атрымалі каманды прыходаў Крыжаўзвіжанскага і храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”), ГАС ДТСААФ – усе з Лунінца, а таксама храма мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі з Багданаўкі; храма Нараджэння Багародзіцы з Лахвы, Свята-Пакроўскага храма з Мокрава. Самымі згуртаванымі паказалі сябе юныя прыхаджане Спаса-Прэабражэнскага храма з Язвінак, пачынаючы з аднолькавых маечак з назвай “Віцязі” і перамогамі ў розных відах праграмы.
Малітвай дзень пачынаўся і завяршаўся. Дружна спяваліся песні каля вогнішча вечарам, а на працягу дня тут збіраліся, каб падсілкавацца смачнай і здаровай ежай.
Удасканальванне не мае межаў, аб чым вялася размова педагогаў і духавенства пры падвядзенні вынікаў. Заўвагі будуць улічаны ў наступным годзе, а пакуль папрасіла некаторых дарослых падзяліцца ўражаннямі аб “Маран Афа-2018”.
Начальнік злёту – настаўнік гімназіі Ірына Аляксандраўна Грушэўская:
–Нашу сустрэчу здымала Брэсцкае абласное тэлебачанне. Мяне спыталі: навошта вам дадатковыя клопаты ў час адпачынку? Адказала евангельскімі словамі: вера без спраў мёртвая. Злёт – гэта наша справа служэння Богу…
Здольны “кухар” – бібліятэкар гімназіі Ірына Пятроўна Раманчук:
– Хлопчыкі і дзяўчынкі ахвотна дзяжурылі па кухні. У іх быў выдатны прыклад – бацюшкі! Нашы дзеці – цудоўныя, але ім трэба падказваць, як трэба весці сябе ў адпаведных сітуацыях. І яшчэ – вельмі хацелася сямейнай атмасферы. Як было радасна, калі некаторыя бацькі наведалі сваіх сыноў-дочак і далучыліся да агульных праграм!
Медсястра ЦРБ Наталля Сцяпанаўна Сладзінская:
–Мне былі цікавыя ўсе спаборніцтвы і конкурсы. Заўсёдная радасць – мець асалоду ад знаходжання на беразе жамчужыны Лунінеччыны. А яшчэ я бязмежна шчаслівая ад таго, што мая ўнучка, якая не развітваецца са смартфонам, забылася на яго на ўсе тры дні!
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.
Комментарии
Отправить комментарий