Як зразумець “пакаленне Z”?

Адказ і на гэта пытанне шукалі ўдзельнікі ІХ Свята-Андрэеўскіх чытанняў.
Вось ужо 4-ы год запар педагагічную грамадскасць раёна гасцінна прымае політэхнічны каледж. Злабадзённай была сёлетняя тэма “Моладзь: воля і адказнасць”. Загадзя падрыхтаваныя даклады былі выкладзены скарочана, тэзісна. На гэта паўплывала злачынства, што адбылося ў нашым горадзе напярэдадні і ў СМІ набыло назву “Кашмар у Лунінцы”. Кожны імкнуўся падзяліцца сваімі хваляваннем і болем, спрабаваць вызначыць прычыны здарэння.
Неабыякавую інтанацыю чытанням задаў пракурор раёна Аляксандр Карлюк. Ацэньваючы роль моладзі ў сучасным свеце з пунту погляду права, ён лічыць, што многіх правапарушэнняў і нават злачынстваў можна было б пазбегнуць, калі б навакольныя былі ўважлівымі да сваіх і суседскіх дзяцей, наогул адзін да аднаго.
Працягнуў абмеркаванне тэмы дырэктар політэхнічнага каледжа Андрэй Баўкуновіч, які прывёў канкрэтныя прыклады спраў па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў. Варты пераймання вопыт прафесійна-тэхнічнай установы адукацыі па правядзенню штомесячных сустрэч са свяшчэннікам, стварэнню фільмаў пра святыні нашага краю, праграм да святаў царкоўнага календара.
Дзейнасць калектыву высока ацаніў кіраўнік місіянерскага аддзела Пінскай епархіі кандыдат багаслоўя протадыякан Андрэй Гарбуноў (Баранавічы). У сваю чаргу былі ўражаны яго дакладам “Тэорыя пакаленняў”. Прыведзеныя думкі аб тым, што маладыя людзі, народжаная ў ХХІ стагоддзі, “становяцца паўнавартаснымі вольнымі асобамі толькі ў віртуале, доступ у які для іх – такі просты і натуральны”, заклікаюць да развагі. Духоўныя размовы з сучаснымі дзецьмі настаўнікам трэба вучыцца весці на мове, зразумелай новаму пакаленню…
І ўсё ж неабходна шукаць і скрэпы, якія б злучалі розныя пакаленні. Актыўную работу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню вядзе гарадская арганізацыйная структура ДТСААФ. Апошнім часам шмат увагі ўдзяляецца і духоўнаму напрамку. Інструктар-метадыст Алена Пятрэнка выступіла з развагамі аб выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму ў этычнай дактрыне Праваслаўя. Уразілі прыведзеныя дакладчыкам крыху перафразіраваныя словы вядомага англійскага пісьменніка: “Патрыятызм состаіць не ў тым, каб біць сябе ў грудзі і гаварыць: “Я – беларус!”. А ў тым, каб задаваць сабе пытанне – ці варты я Беларусі?”. Як важна ў любым узросце адрасаваць гэту фразу сябе, свайму лёсу…
На неабходнасці ведання гісторыі нашай краіны сканцэнтравала ўвагу намеснік дырэктара СШ №2 г Лунінца Наталля Бойка. Да 180-годдзя Полацкага сабора 1839 года яна падрыхтавала даклад аб дзейнасці мітрапаліта Іосіфа Сямашкі (1798-1868), які спыніў дэнацыяналізацыю беларусаў. Гэта дазволіла ў гістарычнай перспектыве пабудаваць суверэнную дзяржаву, а Уладыку з поўным правам назваць адным з яе “бацькоў-заснавальнікаў”.
Адзін з важных напрамкаў работы Праваслаўя – сацыяльнае служэнне. У дзяржаве гэтыя функцыі ўскладзены на тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Алена Лаўранчук пазнаёміла з арганізацыяй культурнай дзейнасці ў рэабілітацыйных праграмах, заклікала да супрацоўніцтва ў гэтай сферы.
Кіраўнік сацыяльнага аддзела Пінскай епархіі іерэй Сергій Плотніцкі (Пінск) пашырыў інфармацыю аб справах дабрыні і міласэрнасці (нават сайт называецца “богодело”). Праўда, зрабіў ён гэта пазней, у коле ўдзельнікаў секцыі. Перад вялікай аудыторыяй свяшчэннік параўнаў першыя чытанні з ракой, што пакрыта ільдом, а цяпер, праз некалькі год адсутнасці на сустрэчах, лічыць, што яны растапілі лёд паміж школай і царквой, што супрацоўніцтва адданых педагогаў і духоўных пастыраў зрушвае плынь ракі да святла ісціны.
На секцыйных пасяджэннях шэраг педагогаў падзяліліся ўласнымі набыткамі ў сучасным адукацыйным працэсе, атрымалі адказы на пытанні ад свяшчэннікаў. Пры падзвядзенні вынікаў слушныя прапановы выказалі кіраўнікі секцый: загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Грыневіч і протаіерэй Сергій Крышталь (Лунінец), намеснік дырэктара СШ №2 г. Лунінца Наталля Бойка і протаіерэй Валерый Скрабец (Лахва), намеснік дырэктара Дзятлавіцкай СШ Ірына Молчан і іерэй Алексій Ільючык (Красная Воля), намеснік дырэктара Бастынскай СШ Марына Грушэўская і протаіерэй Сергій Чыж (Язвінкі), бібліятэкар гімназіі Ірына Раманчук і протаіерэй Іаан Пятрэнка (Бастынь).
Рэкамендацыі будуць улічаны ў далейшым ўдасканаленні штогадовых сустрэч. У гэтым запэўнілі загадчык сектара аддзела па адукацыі Таццяна Трэгубава, якая выступіла з прывітаннем сёлетніх чытанняў, і метадыст ВМК Алена Трухановіч, якая была вядучай праграмы. Удзельнікі таксама маглі пазнаёміцца з выставай духоўных выданняў “Прыгажосць Божага свету”, якую падрыхтавалі работнікі цэнтральнай бібліятэкі, і фотаімгненнямі да 430-годдзя першага прыгадвання храма ў Лунінцы. Захаваная продкамі праваслаўная спадчына патрабуе і ад сучаснікаў прыкласці шмат намаганняў, каб перадаць хрысціянскія каштоўнасці ў тым ліку і “пакаленню зэт”. Мяркуючы па агульным настроі, настаўнікі і духавенства вераць, што “племя молодое, незнакомое” ўсвядоміць высакародныя памкненні лепшых з прадстаўнікоў папярэднікаў.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии