Сонечная сустрэча

У інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” адбыліся VI Свята-Антоніеўскія чытанні.
Настаяцель протаіерэй Сергій Крышталь засяродзіў увагу прыхаджан на 180-годдзі гістарычнай падзеі. Аб Полацкім саборы 1839 года, які зацвердзіў уз’яднанне ўніятаў з Праваслаўнай Царквой, паведаміла бібліятэкар сельгаскаледжа Ніна Мікалаеўна Дамашэвіч.
Намеснік старшыні Лунінецкай пярвічнай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы” Віталь Іванавіч Драніч упершыню ўдзельнічаў у сустрэчы. Ён адзначыў:
–Спецыяльна паглядзеў фільм аб свяціцелі Антоніі Вялікім, каб зразумець, чаму чытанні маюць і другую назву: “Свяшчэннікі ўсміхаюцца”. Аказваецца, гэты заснавальнік манаства лічыў, што душа чалавека не вытрымлівае пастаяннага напружання – ёй трэба “разгрузка” ў жартах.

Па традыцыі “сурьёзная” частка чытанняў працягнулася “вясёлай”. З экрана чытала свае творы вядомая лабчанка Настасся Іванаўна Якавец. Запісы байкапісцы зрабілі вучні гімназіі на чале з бібліятэкарам Ірынай Петроўнай Раманчук. Некалькі баек на “лабэцкай” мове па-мастацку прачытала ветэран педагагічнай працы Наталья Іванаўна Казанкова, якая і правяла праграму. “Мороз и солнце – день чудесный” дадаў бадзёрасці промнямі ўсмешак удзельнікаў сустрэчы.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Віталія ДРАНІЧА.

Комментарии