Лілеі для Ліліі…

Выпускнік хацеў зрабіць незвычайны падарунак класнаму кіраўніку - і навучыўся рэдкаму майстэрству.

У інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” адбылася выстава мастацкіх вырабаў. Іх аўтар - старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Уладзімір Жураўлёў.
У школе вёскі Ціхінічы Рагачоўскага раёна, што на Гомельшчыне, выпускнікі збіралі грошы на падарунак для класнага кіраўніка. Юны Валодзя, які з дзяцінства “сябраваў” з рознага роду інструментамі, вырашыў зрабіць сувенір сваімі рукамі. У той час модным захапленнем былі плексігласавыя вырабы. З-пад разца юнака выйшла лілея - для Ліліі Кончыц. На выпускным вечары былы вучань уручыў падарунак настаўніцы. І гэта была не проста цацка - лілея мела электраабсталяванне і выкарыстоўвалася як свяцільня.

-Лілія Цімафееўна стала ўжо старэнькай, але дагэтуль з удзячнасцю прыгадвае той падарунак, - расказваў Уладзімір Іванавіч. - Гаворыць, што ёй заўсёды падабаліся не пакупныя, але самаробныя падарункі…

Відавочна, гэта меркаванне настаўніца выхавала і ў сваіх вучняў. Ва ўсялякім выпадку, так лічыць Уладзімір Жураўлёў. Ён працягнуў сваё захапленне ў ваенным вучылішчы. У той час, дэфіцытны на памятныя рэчы, яго вырабы былі надзвычай запатрабаванымі ў якасці падарункаў. Ствараў плексігласавыя лілеі і кампазіцыі з іх, ручкі для нажоў, а таксама працаваў з дрэвам.

-Нават здзіўляюся, як удалося нешта захаваць! - усміхаецца Уладзімір Іванавіч. - За час вайсковай службы давялося змяніць некалькі гарнізонаў, таму пры пераездах было не да дробязей.

На выставе былі прадстаўлены таксама творы ў тэхніцы разьбы і выпальвання па дрэве. Слухачы нядзельнай школы для дарослых пры храме атрымалі адказы на свае пытанні (жанчыны асабліва ўражваліся самаробным прыладам для творчасці). Уладзімір Іванавіч спадзяецца, што хтосьці з юных удзельнікаў такіх вернісажаў зацікавіцца стварэннем прыгожых і карысных рэчаў, а ён з задавальненнем перадасць сваё ўменне.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии